Расейскі салдат у акупаваным Марыюпалі. Ілюстрацыйнае фота
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін заявіў, што расейскіх салдатаў, якія стрэламі ў сьпіну забілі двух бяззбройных мірных жыхароў пад Кіевам, ідэнтыфікавалі і завялі крымінальную справу за парушэньне законаў і звычаяў вайны, а таксама наўмыснае забойства.
«Што датычыць запісу CNN, то мы змаглі ня толькі зафіксаваць на відэа, але і ідэнтыфікаваць іх. Мы думаем, што ад адказнасьці не схавацца», — паведаміў Яўген Енін 13 траўня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Паводле яго, сьледчыя выкарыстоўваюць запісы з камэр відэаназіраньня для вызначэньня асобаў, якія зрабілі ваеннае злачынства.
«Наша праграмнае забесьпячэньне, якое нам далі міжнародныя партнэры, дазваляе амаль ва ўсіх выпадках ідэнтыфікаваць такіх расейскіх забойцаў. Мы выкарыстоўваем такую праграму, якая дазваляе параўноўваць у аўтаматычным рэжыме з фатаздымкамі ў базе дадзеных, якая налічвае больш як 10 мільярдаў фота», — удакладніў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны.
Яўген Енін дадаў, што такая праграма дапамагае ідэнтыфікаваць і тых грамадзян Украіны, якія пасьля баявых дзеяньняў у вызваленых гарадах займаюцца маёмаснымі злачынствамі, так званым марадэрствам, што таксама ўваходзіць у пералік ваенных злачынстваў.
Раней тэлекампанія CNN апублікавала відэазапіс з камэр назіраньня аднаго з аўтасалёнаў пад Кіевам. На ім відаць, як расейскія салдаты стрэламі ў сьпіну забілі двух бяззбройных мірных жыхароў.
Паводле CNN, украінская пракуратура расьсьледуе гэтую справу па фактах парушэньня законаў і звычаяў вайны.
Журналісты змаглі ідэнтыфікаваць асобы загінулых. Адзін зь іх быў уласьнік абрабаванага аўтасалёну, а другі — 68-гадовы ахоўнік Леанід Пляц.
На відэазапісе, зробленым 16 сакавіка, відаць, як пяць расейскіх вайскоўцаў спрабуюць прайсьці ў аўтасалён, страляюць па замках і разьбіваюць шыбы.
Калі гаспадар падыходзіць з паднятымі рукамі, яго спыняюць і абшукваюць, магчыма, на наяўнасьць зброі. Потым падышоў Пляц, і яго таксама абшукалі. Паміж імі і расейцамі, пэўна, адбылася нейкая размова, пасьля якой двое цывільных разьвярнуліся, каб ісьці на пост аховы.
Аднак пасьля гэтага два расейскія салдаты падыходзяць да іх са сьпіны і страляюць. Абодва цывільныя падаюць на зямлю.
Пакуль салдаты абшуквалі прадпрыемства, Пляц быў яшчэ жывы. На відэазапісае відаць, як ён падымаецца, завязвае на сьцягне нешта падобнае на жгут і накіроўваецца на пост аховы. Ён змог па тэлефоне выклікаць дапамогу, але добраахвотнікі, якія прыехалі, не пасьпелі яго ўратаваць — ён страціў зашмат крыві.
Тэлекампанія CNN зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства абароны Расеі, але не атрымала адказу.