Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала прапановы прэзыдэнта Ўкраіны, як удакладніць крытэрыі канфіскацыі маёмасьці і актываў, якія належаць Расеі.
У прыватнасьці, цяпер пад канфіскацыю могуць падпасьці актывы і маёмасьць Расеі, якія кантралююць юрыдычныя ці фізычныя асобы, у тым ліку нерэзыдэнты, іншаземцы ці асобы без грамадзянства, якія сваімі дзеяньнямі стварылі пагрозу нацыянальнай бясьпецы, сувэрэнітэту ці тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны (агрэсія ці тэрарыстычная дзейнасьць) або значна спрыялі такім дзеяньням.
У законах, у якія ўносяцца зьмены, наўпрост ня згадваецца Беларусь. Але адзначаецца, што санкцыі і канфіскацыя могуць выкарыстоўвацца ў дачыненьні да любой замежнай дзяржавы.
Дэпутаты на прапанову Ўладзіміра Зяленскага ўдакладнілі падставы для ўвядзеньня санкцый. Сярод іх наступныя:
ухваленьне рашэньня аб збройнай агрэсіі супраць Украіны
удзел у ўхваленьні рашэньня, калі яно ўхвалялася калегіяльна
удзел у падрыхтоўцы, дзяржаўным фінансаваньні і матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні агрэсіі
удзел у арганізацыі агрэсіі і яе ажыцьцяўленьні
асабісты ўдзел у агрэсіі
удзел у стварэньні, фінансаваньні і матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні акупацыйнай улады на захопленых тэрыторыях
удзел у падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзеньні незаконных выбараў і рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях.
Асобнай падставай для канфіскацыі і санкцый вызначаны крытэрыі аб дазволе дзяржаве-агрэсарцы выкарыстоўваць тэрыторыю, цывільную або вайсковую інфраструктуру, памяшканьні і тэрыторыі для разьмяшчэньня ўзброеных фармаваньняў і тэхнікі (казармы, інтэрнаты, вайсковыя палігоны, базы, цэнтры баявой падрыхтоўкі), а таксама цывільную, вайсковую ці спэцыяльную тэхніку, незабесьпячэньні выкананьня вызначаных правіл перасоўваньня і перасячэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны.
Цяпер гэты закон мае падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Юрыдычную моц закон набудзе на наступны дзень пасьля публікацыі.