Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікалі спыніць выкарыстаньне касэтных бомбаў ва Ўкраіне


Расейскі касэтны боепрыпас на тэрыторыі Ўкраіны
Расейскі касэтны боепрыпас на тэрыторыі Ўкраіны

Human Rights Watch заклікала спыніць выкарыстаньне касэтных боепрыпасаў у паўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны.

Расея і Ўкраіна павінны далучыцца да Міжнароднай дамовы аб забароне такой зброі, гаворыцца ў дакладзе праваабаронцаў, апублікаваным 12 траўня.

«З пачатку маштабнага ўварваньня расейскія войскі неаднаразова выкарыстоўвалі касэтныя боепрыпасы падчас нападаў, у выніку якіх загінулі сотні мірных жыхароў і былі пашкоджаныя дамы, шпіталі і школы. Украінскія вайскоўцы, пэўна, прынамсі адзін раз ужылі касэтныя боепрыпасы. Абедзьве краіны павінны спыніць выкарыстаньне гэтай забароненай зброі і абавязацца далучыцца да міжнароднай дамовы аб забароне касэтных боепрыпасаў», — гаворыцца ў заяве Human Rights Watch.

У 20-старонкавым дасьледаваньні падрабязна апавядаецца, як расейскія ўзброеныя сілы выкарыстоўвалі прынамсі шэсьць тыпаў касэтных боепрыпасаў падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Паўторнае выкарыстаньне касэтных боепрыпасаў расейскімі войскамі ў населеных пунктах Украіны наносіць неадкладную і працяглую шкоду і пакуты мірнаму насельніцтву, таму гэта павінна быць спынена», — заявіла Мэры Ўоргэм, аўтар дакладу і прэс-сакратар Human Rights Watch. «Украіна таксама павінна спыніць выкарыстаньне гэтай жорсткай зброі, пакуль не пацярпела больш мірных жыхароў».

Human Rights Watch задакумэнтавала некалькі выпадкаў выкарыстаньня касэтных боепрыпасаў з боку расейскіх войскаў у Чарнігаве, Харкаве, Мікалаеве і Вугледары. Дакладная колькасьць атак касэтнымі боепрыпасамі падчас маштабнага ўварваньня невядомая, але задакумэнтавана і зарэгістравана сотні такіх выпадкаў, кажуць праваабаронцы.

Human Rights Watch зьвяртае ўвагу на тое, што Расея не адмаўляе прымяненьне касэтных боепрыпасаў, а ўкраінскі бок падкрэсьліў, што «Ўзброеныя сілы Ўкраіны строга прытрымліваюцца нормаў міжнароднага гуманітарнага права».

Human Rights Watch зьяўляецца сузаснавальнікам і лідэрам Кааліцыі касэтных боепрыпасаў, сусьветнай кааліцыі няўрадавых арганізацый, якія працуюць над забаронай такой зброі. Human Rights Watch прадставіць свой даклад краінам, якія прымуць удзел у міжсэсійных пасяджэньнях канвэнцыі ААН у Жэнэве 16 і 17 траўня.

У ААН паведамілі, што па стане на 30 сакавіка сьледчыя расьсьледуюць 24 выпадкі прымяненьня расейскімі касэтнымі боепрыпасамі ва Ўкраіне.

Касэтныя боепрыпасы — кантэйнэры, напоўненыя дзясяткамі бомбаў, прызначаных для раскідваньня на вялікіх тэрыторыях і выбухаў пры пападаньні, яны могуць быць кінутыя зь зямлі артылерыйскімі сыстэмамі або скінутыя з самалётаў. Многія зь іх не выбухаюць пры першапачатковым удары і могуць заставацца на зямлі гадамі, маючы небясьпеку для чалавека. Больш за 100 краін падпісалі пагадненьне аб забароне іх выкарыстаньня. Але яго не падпісалі ні Расея, ні Ўкраіна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG