Кіеў: Расейцы незаконна вывезьлі з Украіны ў анэксаваны Крым для продажу амаль паўмільёна тон збожжа

Ілюстрацыйнае фота

Міністар аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Мікола Сольскі заявіў, што з пачатку расейскай акупацыі паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў з Украіны незаконна вывезьлі каля 450 тысяч тон збожжа.

«Гэта тое, што яны накіроўваюць у Крым арганізавана. Гэта вялікі бізнэс, куратары якога зусім ня тыя людзі, якія кралі тэлевізары ў супэрмаркетах. Прадаюць па цане 250-300 даляраў за тону, а гэта сотні мільёнаў, таму відавочна, што гэтым займаюцца ў тым ліку і супрацоўнікі спэцслужбаў краіны-агрэсаркі, і вайскоўцы рознага ўзроўню, і розныя афэрысты, якім такі бізнэс падыходзіць па жыцьці», — сказаў Мікола Сольскі 9 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, усё скрадзенае збожжа накіроўваюць у Крым і спрабуюць прадаць праз марскі порт у Севастопалі.

«Улічваючы, што апошнія некалькі гадоў у Крыме збожжа практычна не вырошчвалі, то ім патрэбна зерне і для ўнутранага спажываньня. Апроч таго, яны наладжваюць каналы па загрузцы караблёў празь Севастопаль. Практычна ўсе караблі ідуць адтуль з крадзеным украінскім збожжам», — дадаў міністар.

Мікола Сольскі паведаміў, што расейцы спрабавалі прадаць збожжа ў Эгіпет, але дзякуючы ўкраінскім дыпляматам караблі ўдалося разьвярнуць у бок Лібана і Сырыі.

Міністар дадаў, што Кіеў сканцэнтруе свае высілкі, каб у краінах-партнэрах можна было арыштаваць выкрадзенае ўкраінскае збожжа. Міністар аграрнай палітыкі Ўкраіны адзначыў, што сёлета пасяўная кампанія адбываецца з адставаньнем на 20-30% ад леташніх тэмпаў.

Гэта абумоўлена ня толькі халоднымі ўмовамі надвор’я, а і недастатковай колькасьцю паліва і спэцыялістаў, якія вымушаныя былі мабілізавацца ў войска для абароны Ўкраіны ад Расеі.

Мікола Сольскі прагназуе, што праз вайну ва Ўкраіне кошт усёй сельгаспрадукцыі ў сьвеце павялічыцца ня менш як на 60 %.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ААН паведаміла пра блякаваньне мільёнаў тон збожжа ў партах Украіны

Раней Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў, што працяг вайны ва Ўкраіне можа выклікаць голад ня толькі ў гэтай краіне, а і паўплываць на глябальную харчовую сыстэму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ААН: вайна ва Ўкраіне можа выклікаць ураган голаду і крах глябальнай харчовай сыстэмы