ААН паведаміла пра блякаваньне мільёнаў тон збожжа ў партах Украіны

Порт Адэсы
Порт Адэсы

Амаль чатыры з паловай мільёны тон збожжа заблякаваныя ў партах Украіны. Прадукцыю немагчыма экспартаваць праз закрыцьцё марскіх шляхоў на фоне расейскага ўзброенага ўварваньня. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Сусьветнай харчовай праграмы ААН Марцін Фрык, піша агенцтва dpa.

Да пачатку вайны Ўкраіна была адным з найбуйнейшых у сьвеце экспартэраў пшаніцы і вытворцам кукурузы. Многія краіны залежаць ад паставак украінскай пшаніцы, зазначаюць у ААН.

«Голад не павінен быць зброяй», — сказаў Фрык. Ён заклікаў аднавіць пастаўкі ўкраінскіх харчоў у іншыя краіны, каб зьмякчыць глябальны харчовы крызіс.

Краіны Захаду неаднаразова папярэджвалі аб магчымым харчовым крызісе і голадзе ў шэрагу краін праз вайну Расеі з Украінай, бо абедзьве гэтыя дзяржавы — вядучыя экспартэры збожжа. У сакавіку ААН зафіксавала рост цэнаў на прадукты больш як на 12 працэнтаў. Гэта стала рэкордам з 1990 году.

Рэзкі рост цэнаў на прадукты харчаваньня і перабоі з пастаўкамі з Расеі і Ўкраіны паставілі пад пагрозу сытуацыю з харчамі ў краінах Блізкага Ўсходу, Афрыкі і некаторых рэгіёнах Азіі, дзе насельніцтва пастаянна недаядае і дзе мільёны людзей выжываюць за кошт субсыдаванага хлеба і таннай локшыны.

​
XS
SM
MD
LG