Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі пад расейскімі абстрэламі
Расейскія войскі аднавілі наступ, каб узяць пад кантроль тэрыторыю заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі.
«Апошнія 11 квадратных кілямэтраў свабоды ў Марыюпалі ператварыліся ў пекла», — напісаў дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка і апублікаваў відэазапіс.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што «расейскія акупанты канцэнтруюць свае высілкі «на блякаваньні і спробах зьнішчыць украінскія падразьдзяленьні ў раёне «Азоўсталі». Пры падтрымцы авіяцыі расейскія войскі аднавілі наступ, каб узяць пад кантроль тэрыторыю заводу.
«Ужо другі дзень, як праціўнік прарваўся на тэрыторыю заводу, і ідуць цяжкія кровапралітныя баі. Я ганаруся сваімі жаўнерамі, якія нялюдзкімі высілкамі стрымліваюць праціўніка. Сытуацыя надзвычай складаная, але, нягледзячы ні на што, мы працягваем загад трымаць абарону», — заявіў камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка ў відэазвароце, распаўсюджаным Марыюпальскай гарадзкой радай.
Позна ўвечары яшчэ 344 цывільныя, якіх эваякуавалі з марыюпальскага кірунку, прыехалі ў Запарожжа. Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчукпаведаміла, што «марыюпальская гуманітарная апэрацыя працягваецца».
У апошняй зводцы Міністэрства абароны Расеі ўвогуле адсутнічае інфармацыя аб тым, што адбываецца ў Марыюпалі.
Разам з тым у тэлеграм-канале дарадцы марыюпальскага мэра Пятра Андрушчанкі апублікаваныя фатаздымкі, на якіх можна пазнаць намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Кірыенку і сакратара рады партыі «Единая Россия» Андрэя Турчака.
Яны ўдзельнічалі ў «адкрыцьці» помніка на плошчы Воінаў-вызваліцеляў, якую расейцы называюць цяпер плошчай Ленінскага камсамолу.