Усясьветна вядомы амэрыканскі палітоляг і філёзаф Фрэнсіс Фукуяма ў сваёй новай калёнцы для American Purpose пералічыў некалькі прычын, чаму ўкраінцам удасца выцесьніць расейцаў з тэрыторый, што тыя захапілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Поўная параза Расеі ўсё бліжэй». Дванаццаць тэзісаў Фрэнсіса Фукуямы«Кіеў мае парытэт у бранятэхніцы»
«Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі па NATО, адказваючы на просьбы Ўладзімера Зяленскага аб ваеннай дапамозе, цяпер накіроўваюць ва Ўкраіну значна больш тэхнікі, такой як артылерыя далёкага дзеяньня, бесьпілётнікі і авіяцыя, што зьвядзе на нішто большую частку пераваг Расеі ў агнявой сіле. Хоць мы ня ведаем, якія былі ўкраінскія страты, на сёньняшні дзень некаторыя мяркуюць, што Кіеў, магчыма, цяпер фактычна мае парытэт у бранятэхніцы, пазбаўляючы Маскву перавагі 3:1, якая звычайна неабходная для пасьпяховага наступу.
«Баявы дух расейцаў застанецца вельмі нізкі»
Баявы дух расейцаў, напэўна, застанецца вельмі нізкі. Падразьдзяленьні, выведзеныя з поўначы Ўкраіны, былі кінутыя назад у бой на Данбасе, не пасьпеўшы адпачыць і перагрупавацца. На сёньняшні дзень яны панесьлі вялізныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і, відаць, страцілі яшчэ пару генэралаў на мінулым тыдні.
«Украінцы моцна матываваныя»
«Украінцы яшчэ больш матываваныя на перамогу цяпер, калі яны сталі сьведкамі зьверстваў, учыненых расейцамі на акупаваных імі тэрыторыях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША: міжнародны парадак разбурыцца, калі Расеі сыдзе з рук вайна ва Ўкраіне«Расейцы не навучыліся эфэктыўна каардынаваць агульнавайсковую апэрацыю»
«Незразумела, ці здольныя расейцы здабываць урокі і хутка прыстасоўвацца да абставін, якія зьмяніліся. У прыватнасьці, яны не навучыліся эфэктыўна каардынаваць буйную агульнавайсковую апэрацыю і працягваюць спадзявацца на грубую агнявую моц для прасоўваньня наперад. Украінцы, наадварот, вельмі добра перадалі паўнамоцтвы ніжэйшым камандным падразьдзяленьням, захаваўшы пры гэтым агульны стратэгічны кантроль над сваімі сіламі».
«У Расеі бракуе рэзэрвы»
«У Расеі проста няма жывой сілы або рэзэрвовых войскаў, якія яны маглі б прызваць, бо іхнае войска на Данбасе памалу высільваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Нямеччыне на сустрэчы міністраў абароны з 40 краін сьвету абмяркоўваюць дапамогу Ўкраіне«Прымяненьне Расеяй зброі масавага зьнішчэньня застаецца малаверагодным зыходам»
«Ніхто не павінен выключаць магчымасьць эскаляцыі, калі патэнцыйныя стаўкі такія высокія, як цяпер. Адзін з аргумэнтаў супраць беспалётнай зоны палягаў у тым, што ў гэтым выпадку Злучаныя Штаты ці NATO будуць наўпрост атакаваць расейскія цэлі на тэрыторыі Расеі і перасякуць важную чырвоную рысу.
Тым ня менш я думаю, што эскаляцыя з боку Расеі і прымяненьне ёю зброі масавага зьнішчэньня застаецца малаверагодным зыходам.
Хімічная або ядзерная зброя проста не ўратуе расейцаў ад пагаршэньня становішча і справакуе эскаляцыю да значна больш высокага ўзроўню ўдзелу NATO ў вайне. Наўрад ці яны адкажуць сымэтрычным выкарыстаньнем зброі масавага зьнішчэньня, але ёсьць шмат варыянтаў таго, як можна ўступіць у вайну са звычайнымі ўзбраеньнямі (напрыклад, фактычна ўсталяваўшы беспалётную зону або нанёсшы ўдар па базах, адкуль паходзіць зброя масавага зьнішчэньня). І гэта таксама магло б нанесьці вялізную шкоду пазыцыям Расеі. Калі расейцы зараз сур’ёзна прайграюць украінцам, падумайце, што адбудзецца, калі краіны NATO умяшаюцца наўпрост.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Брытанскі экспэрт адказаў, ці спыніць зброя Захаду наступ Расеі на ДанбасШто будзе значыць параза Расеі ў вайне
«Няўдача Расеі ў вайне будзе мець наступствы як для самой Расеі, так і для ўсіх папулістаў, што згуртаваліся вакол Пуціна. Палітычныя наступствы вырашальнай паразы Расеі яшчэ не адчулі ў Эўропе. Віктар Орбан перамог на выбарах са значным адрывам, як і Аляксандар Вучыч у Сэрбіі. У мінулыя выходныя Эманюэлю Макрону ўдалося перамагчы Марын Лё Пэн са значным адрывам.
Аднак вайна ва Ўкраіне яшчэ не завершаная. Калі ў наступныя тыдні яна скончыцца выгнаньнем Расеі з тэрыторый, якія тая акупавала пасьля 24 лютага, Пуцін разбурыць сваё новае бліскучае войска безь якой-небудзь тэрытарыяльнай выгады і прывядзе сваю краіну да ізаляцыі на ўзроўні Паўночнай Карэі. Няўдача на гэтым узроўні ў канчатковым выніку будзе мець наступствы як для самой Расеі, так і для ўсіх папулістаў, што гуртуюцца вакол яе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прыкінуцца нежывой — і выжыць. Як Беларусь можа ацалець сярод вайныБудучыня Ўкраіны
«Аднак барацьба Ўкраіны ня скончыцца разам з гэтай паразай Расеі. Эканамічная блякада чарнаморскіх партоў Украіны павінна быць зьнятая, калі гэтая краіна хоча мець жыцьцяздольную эканамічную будучыню.
Да вайны самай вялікай слабасьцю Ўкраіны было панаваньне алігархаў у ейнай эканоміцы і палітычнай сыстэме. Унутраны балянс сілаў рэзка зьмяніўся з пачатку ўварваньня, калі алігархі першымі паўцякалі з краіны. Рэнат Ахметаў, алігарх з Данбасу, чыя былая Партыя рэгіёнаў прэтэндавала на тое, каб прадстаўляць інтарэсы расейскамоўных на ўсходзе Ўкраіны, стаў сьведкам таго, як яго сталеліцейны завод „Азоўсталь“ быў разбамбаваны і акупаваны ў гераічным баі з расейскімі акупантамі. Зьявіцца выдатная магчымасьць умацаваць украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць вакол новага набору сымбаляў і балянсаў сілаў, а таксама пераадолець карумпаваную спадчыну краіны, якая існавала да 24 лютага 2022 году».