Віктар Медзьвядчук папрасіў Зяленскага і Пуціна абмяняць яго на ўкраінскіх вайскоўцаў і цывільных. ВІДЭА

Віктар Медзьвядчук

Прарасейскі палітык, схоплены пры спробе ўцячы за мяжу, выступіў зь відэазваротам.

Віктар Медзьвядчук, колішні член цяпер ужо забароненай партыі ва Ўкраіне «Апазыцыйная плятформа за жыцьцё», выступіў зь відэазваротам да Ўладзіміра Зяленскага і Ўладзіміра Пуціна з просьбай абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю.

У звароце Медзьвядчук адзначыў, што многія жыхары Марыюпалю ў гэты момант ня маюць магчымасьці выехаць з гораду праз гуманітарны калідор.

Кума Пуціна Віктара Медзьведчука затрымалі 12 красавіка. Медзьвядчук знаходзіўся ва Ўкраіне пад кругласуткавым хатнім арыштам па факце дзяржаўнай здрады і садзейнічаньня тэрарыстычнай дзейнасьці, аднак пазьней яму зьмянілі меру стрыманьня.

26 лютага Генпракуратура даручыла Нацпаліцыі праверыць наяўнасьць Медзьведчука па адрасе, дзе ён знаходзіцца пад хатнім арыштам. Аднак Медзьведчука на месцы не аказалася. Пошукі вяліся паўтара месяца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

26 аўтамабіляў, 23 дамы, 32 кватэры. Ва Ўкраіне знайшлі і арыштавалі ўласнасьць затрыманага Медзьведчука

13 красавіка, на наступны дзень пасьля затрыманьня Медзьведчука, прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не зацікаўленыя ў абмене Медзьведчука.

«Медзьвядчук не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён ня мае ніякага дачыненьня да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён зьяўляецца замежным палітычным дзеячом», — адказаў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Крэмль ня выказаў гатоўнасьці да абмену кума Пуціна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь Беларусьсю