Арыштаваны Віктар Медзьвядчук, 12 красавіка 2022 г.
Крэмль не гатовы забраць палітыка Віктара Медзьведчука ва Ўкраіны. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў.
«Што да абмену, пра які з такім запалам, палкасьцю, задавальненьнем загаварылі розныя дзеячы ў Кіеве: Медзьвядчук не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён ня мае ніякага дачыненьня да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён зьяўляецца замежным палітычным дзеячом. Мы наогул ня ведаем, ці хоча ён сам нейкага ўдзелу Расеі ў вырашэньні гэтай пасквільнай у дачыненьні да яго сытуацыі», — перадае словы Пяскова РИА Новости.
Учора зьявілася інфармацыя аб затрыманьні Віктара Медзьведчука Службай бясьпекі Ўкраіны. Алігарх, лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кум Уладзіміра Пуціна на момант пачатку вайны Расеі супраць Украіны быў пад хатнім арыштам. У адносінах да яго расьсьледавалася справа аб дзяржаўнай здрадзе. Пазьней ён уцёк. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 12 красавіка выказаў гатовасьць памяняць Медзьведчука на палонных украінскіх вайскоўцаў.
Пяскоў адначасова адхіліў любыя закулісныя сувязі Крамля і ўкраінскага палітыка.
«Добра вядомыя погляды Медзьведчука на карысьць наладжваньня нармальных, узаемавыгадных, партнэрскіх адносін Украіны і Расеі. Пазыцыя гэтая заўсёды была адкрытая, ніякіх закулісных адносін з Расеяй Медзьвядчук ніколі ня меў. Нават калі гіпатэтычна гэта сабе ўявіць, то ўжо, напэўна, можна было б зразумець, што Медзьвядчук пакінуў бы тэрыторыю Ўкраіны да пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён гэтага, як мы бачым, не зрабіў», — сказаў прэс-сакратар Крамля.