26 аўтамабіляў, 23 дамы, 32 кватэры. Ва Ўкраіне знайшлі і арыштавалі ўласнасьць затрыманага Медзьведчука

Арыштаваны СБУ Віктар Медзьвядчук

Суд у Львове арыштаваў яшчэ 154 аб’екты рухомай і нерухомай маёмасьці народнага дэпутата Ўкраіны Віктара Медзьведчука і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.

Служба бясьпекі Ўкраіны 12 красавіка затрымала кума расейскага прэзыдэнта і ўкраінскага палітыка Віктара Медзьведчука пры спробе ўцячы з Украіны.

Ягоная жонка Аксана Марчанка выехала з Украіны ў Расею празь Беларусь за некалькі дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Як паведаміла Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны, сярод арыштаванай маёмасьці — 26 аўтамабіляў, 30 зямельных участкаў, 23 дамы, 32 кватэры, 17 парковачных месцаў і маторная яхта.

Апроч таго, суд арыштаваў часткі ў статутных капіталах 25 кампаній, бэнэфіцыярнымі ўладальнікамі якіх зьяўляюцца Медзьвядчук або ягоная жонка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь Беларусьсю

Віктара Медзьведчука падазраюць у дзяржаўнай здрадзе і спрыяньні дзейнасьці тэрарыстычных арганізацый.

У Беларусі Медзьвядчук меў бізнэс-партнэра Мікалая Вараб’я, які спачатку набыў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваньнем дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Эўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю. Беларускага бізнэсоўца наўпрост зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

У лютым 2021-га Ўкраіна нацыяналізавала гэтае прадпрыемства Медзьведчука — Вараб’я і перадала яго ў кіраваньне дзяржаўнай кампаніі.

Разам са сваёй жонкай Аксанай Марчанкай Віктар Медзьвядчук трымае частку сваіх грошай у беларускім «Абсалютбанку», які належыць бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Калі стала вядома аб уцёках Медзьведчука з-пад хатняга арышту, журналісты знайшлі непадалёк ад Кіева ягоны «залаты» вагон зь вялікай колькасьцю каштоўных элемэнтаў. Гэта падарунак жонкі Аксаны яму на дзень нараджэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Крэмль ня выказаў гатоўнасьці да абмену кума Пуціна