Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў з пагрозамі ўкраінскім уладам у адказ на арышт кума Пуціна
Віктар Медзьвядчук пасьля затрыманьня 12 красавіка 2022
Намесьнік старшыні расейскага Савету бясьпекі пагражаў украінскаму кіраўніцтву пасьля затрыманьня прарасейскага алігарха і палітыка Віктара Мядзьведчука.
Пасьля арышту народнага дэпутата Ўкраіны і кума прэзыдэнта Расеі Віктара Мядзьведчука намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў апублікаваў у сваім Telegram-канале паведамленьне з пагрозамі ў адрас украінскіх уладаў.
«Некаторыя вырадкі, якія называюць сябе „ўкраінскімі ўладамі“, кажуць, што хочуць выцягнуць зь Віктара Мядзьведчука доказы, „хутка і справядліва“ яго асудзіць, а потым абмяняць на палонных. Гэтыя асобы павінны ўважліва азірацца на ўсе бакі і цьвёрда зачыняць на ноч дзьверы, каб не апынуцца сярод людзей на абмен», — напісаў Мядзьведзеў.
Увечары 12 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў аб затрыманьні былога сустаршыні партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», народнага дэпутата Віктара Мядзьведчука. Пазьней ён прапанаваў абмяняць яго на захопленых расейцамі ўкраінцаў.
Раней у Расеі не сьпяшаліся камэнтаваць затрыманьне Мядзьведчука. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што даклад патрабуе «дадатковай праверкі».
«Было б няправільна нешта гаварыць без усялякага пацьверджаньня», — заявіў Пяскоў вечарам 12 красавіка.
27 лютага стала вядома, што Віктар Медзьвядчук уцёк з-пад хатняга арышту, па якім ён знаходзіўся ў некалькіх працэсах, у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе.
21 лютага расьсьледаваньне праекту Bigus.Info са спасылкай на відавочцаў паведаміла, што каля Мядзьведчука сабраліся ахоўнікі, пазьней прыехала міліцыя. Па словах журналістаў, з дому вынесьлі маёмасьць.