У Барадзянцы пад Кіевам працягваюць разьбіраць завалы і даставаць целы. ФОТА

Расейскія акупанты стралялі ў галаву бюсту Тараса Шаўчэнкі ў Барадзянцы, Кіеўская вобласьць, 8 красавіка 2022

Аб’яднаны атрад ДСНС Украіны паведаміў, што працягвае разьбіраньне разбураных расейскімі войскамі шматкватэрных дамоў у Барадзянцы пад Кіевам. Раней з руінаў двух шматпавярховікаў дасталі целы 26 чалавек.

«На месцы працуюць 237 ратавальнікаў і 35 адзінак тэхнікі. Ратавальнікам дапамагаюць 70 валянтэраў», — гаворыцца ў паведамленьні ДСНС Украіны.

Захопленая расейскімі войскамі ў пачатку сакавіка Барадзянка была вызваленая Ўзброенымі сіламі Ўкраіны празь месяц. Колькі чалавек загінулі ў ёй за гэты час, пакуль невядома, але, паводле папярэдніх заяваў украінскіх уладаў, гэты населены пункт зазнаў найбольшя разбурэньні з усіх прыгарадаў сталіцы.

Шматпавярховік у Барадзянцы пасьля авіяцыйнай атакі расейцаў

Ратавальнікі на разборы завалаў, 8 красавіка 2022

Стомлены ратавальнік каля бюсту Тарасу Шаўчэнку, які таксама пашкодзілі абстрэламі расейскія войскі. Барадзянка, 8 красавіка 2022

77-гадовая жыхарка Барадзянкі Марыя, у якой загінулі дачка і зяць, плача каля разбомбленага дома

Насьценная шафа, якая засталася вісець на сваіх умацаваньнях нават пасьля бамбаваньня

Ратавальнікі на разборы завалаў у Барадзянцы

Сямейны здымак, знойдзены на месцы завалаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: у Барадзянцы яшчэ больш ахвяраў расейскіх акупантаў, чым у Бучы. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З-пад плітаў тырчалі рукі і ногі». Сьведкі блякаднага Марыюпалю расказалі, як змаглі ўратавацца з падарванага тэатру

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.