Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол улады

Папа Францішак падчас тыднёвай генэральнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 16 сакавіка 2022 году

Папа рымскі Францішак падчас нядзельнай пропаведзі перад пачаткам велікоднага тыдня заклікаў да перамір’я ва Ўкраіне.

«Складзіце зброю, пачніце велікоднае перамір’е. Але не для таго, каб перазарадзіць зброю і аднавіць баі, не. Перамір’е для таго, каб прыйсьці да міру шляхам сапраўдных перамоваў», — сказаў Папа Францішак.

Вялікдзень, сьвята ўваскрэсеньня Ісуса Хрыста, сёлета большасьцю заходніх хрысьціян адзначаецца 17 красавіка, у большасьці ўсходніх хрысьціян ён адзначаецца 24 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Для магчымай сустрэчы Папы і патрыярха Маскоўскага шукаюць «нэўтральную зямлю»

З пачатку вайны ва Ўкраіне кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы заклікаў да міру, ён рэзка асуджаў расейскае ўварваньне і забойствы мірных жыхароў. На днях, выступаючы перад вернікамі, у тым ліку бежанцамі з Украіны, ён назваў Бучу «горадам-пакутнікам» і пацалаваў прывезены з Бучы ўкраінскі сьцяг. Пры гэтым Францішак пазьбягае таго, каб узгадваць Расею ці Ўладзіміра Пуціна.

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл у нядзелю пасьля набажэнства ў новым маскоўскім храме Покрыва Сьвятой Багародзіцы на Люберацкіх палях заклікаў вернікаў згуртавацца «ў складаны для краіны час», у тым ліку вакол улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адбылася гутарка папы Францішка і патрыярха Кірыла

«Вось тады і будзе ў народзе нашым сапраўдная салідарнасьць і здольнасьць адбіваць ворагаў зьнешніх і ўнутраных, і ладзіць жыцьцё наша такім чынам, каб у гэтым жыцьці было як мага больш дабра, праўды і любові», — сказаў патрыярх.

Раней ён, наўпрост ня кажучы аб падтрымцы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, фактычна прыводзіў аргумэнты для яго абгрунтаваньня. Пасьля набажэнства ў цэнтральным храме Узброеных сіл ён сказаў, што ў ваенны час служба ў войску — гэта сапраўдны подзьвіг».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Патрыярх Кірыл адслужыў літургію ў галоўным храме расейскай арміі і заявіў, што вайскоўцы «павінны быць верныя прысязе»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў

6 сакавіка падчас гаміліі Кірыл казаў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду.