Галоўнае на гэты момант
- У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях украінскае войска выйшла на межы зь Беларусьсю, расейцы адступілі.
- Украінская армія вядзе баі за вызваленьне Херсоншчыны.
- Расейцы ўдарылі па нафтабазе ў Днепрапятроўскай вобласьці, яна згарэла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 7 красавіка
Расейцы ранкам 7 красавіка атакуюць па чатырох кірунках
Расейскія войскі працягваюць актыўныя баявыя дзеяньні ў Слабажанскім, Данецкім, Паўднёвабускім і Таўрыйскім раёнах, паведамілі раніцай 7 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
Паводле паведамленьня:
- На Слабажанскім кірунку працягваецца блякада Харкава і артылерыйскія абстрэлы;
- На Данецкім і Таўрыйскім кірунках — абстрэл з артылерыі Папасной для аднаўленьня наступу на Рубежнае, Ніжнае і Навабахмутаўку. Спроба прарваць абарону Ўзброеных сіл у раёне Наватошкаўскага ня мела посьпеху.
- На паўднёвабускім кірунку расейскія войскі працягваюць праводзіць жорсткія фільтрацыйныя мерапрыемствы на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласьці.
Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі з 24 лютага пацярпелі 464 дзіцяці
Офіс генэральнрага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ад пачатку расейскай агрэсіі загінулі 167 дзяцей і яшчэ 297 атрымалі раненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
DER SPIEGEL: Нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у БучыМасавая эвакуацыя з усходу Ўкраіны
6 красавіка «Укрзалізниця» эвакуавала 14 тысяч чалавек з Лазавой, Краматорску, Славянску і Барвінкавага. Пра гэта заявіў старшыня праўленьня ўкраінскай чыгункі Аляксандар Камышын.
Прэм’ер Украіны: расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці
Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас сёньняшняга брыфінгу заявіў, што расейскія войскі пакінулі тры вобласьці: Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую.
«Мы можам з упэўненасьцю сказаць, што чарговы этап нашай вызвольнай вайны завяршыўся перамогай Украіны. Пляны ворага зламаныя. Расейскія тэрарыстычныя войскі выбітыя з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Але вайна далёкая аб свайго завяршэньня. Вораг не пакідае спробаў захапіць нашы землі на ўсходзе і на поўдні, працягвае наносіць ракетныя ўдары па ўсёй краіне», — сказаў Шмыгаль.
Мэр Бучы: 90% загінулых жыхароў горада былі застрэленыя
90% жыхароў, якія загінулі ў Бучы за час вайны, былі застрэленыя, сьцьвярджае мэр Бучы Анатоль Федарук у інтэрвію DW. Паводле яго, да 6 красавіка знойдзена 320 цел загінулых мірных жыхароў. «Практычна 90 адсоткаў — гэта кулявыя паразы, а не аскепкавыя».
Хведарук сказаў, што колькасьць знойдзеных целаў расьце з кожным днём, бо «іх выяўляюць у прыватных сядзібах, парках, сквэрах, дзе мелася магчымасьць, калі не было абстрэлаў, прыкопваць целы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
DER SPIEGEL: Нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у БучыГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскіГенпракурор Украіны: у Барадзянцы ўжо знойдзеныя 26 загінулых, ёсьць зьвесткі аб згвалтаваньнях і катаваньнях
Пад заваламі двух жылых дамоў у Барадзянцы знойдзеныя ўжо 26 загінулых, піша Руская служба ВВС са спасылкай на паведамленьне генпракурора Ўкраіны Ірыны Венедыктавай у эфіры «Нацыянальнага тэлемаратону».
Таксама, паводле Венедыктавай, пракуроры выявілі факты сэксуальных злачынстваў і катаваньняў мірных жыхароў у пасёлку.
Як сьцьвярджае Венедыктава, прычына, па якой пасёлак аказаўся цалкам зьнішчаны, у тым, што 26-27 лютага нехта закідаў кактэйлямі Молатава першыя танкі расейцаў, якія заходзілі ў Барадзянку. У адказ расейскія вайскоўцы выклікалі авіяцыю, якая разбамбіла пасёлак.
Абстрэлы ў Рубежным, загарэліся два жылыя дамы
Два жылыя дамы загарэліся ў горадзе Рубежнае (Луганская вобласьць) пасьля абстрэлу расейскімі войскамі, яшчэ пад адным заваліла людзей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, ратавальнікі апэратыўна вызвалілі людзей з-пад завалу. Усе жыхары жывыя.
Таксама ён расказаў, што раніцай 7 красавіка быў абстраляны горад Крамянная, у выніку чаго загінуў адзін чалавек.
Абстрэлы на Харкаўшчыне
7 красавіка ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў Харкава і раёну загінула жанчына, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаў.
7 красавіка па гуманітарных калідорах было эвакуявана 4676 чалавек
Як паведаміла віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук, за 7 красавіка эвакуявалі 4676 чалавек:
- з Марыюпаля і Бярдзянска ўласным транспартам і аўтобусамі ў Запарожжа выехалі 3256 чалавек (зь іх 1205 з Марыюпаля і 2050 жыхароў гарадоў Запароскай вобласьці: Палогі, Васільеўка, Бярдзянск і Мелітопаль).
- з гарадоў Лысічанск, Севераданецк, Рубежнае і Крэмінна Луганскай вобласьці эвакуявалі 1420 чалавек.
У Львове 7 красавіка пачалі ўсталёўваць першы кантэйнэрны гарадок для вымушаных перасяленцаў
Па словах мэра горада Андрэя Садовага, мястэчка будзе складацца з 70 жылых кантэйнэраў, у іх змогуць жыць больш за 350 чалавек. Усяго плянуецца стварыць некалькі такіх месцаў.
Офіс генпракурора Ўкраіны арыштаваў 17800 чыгуначных вагонаў зь Беларусі і Расеі
Арышт накладзены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах (частка 3 артыкула 212 КК Украіны), паведамляецца на сайце ведамства. Па вэрсіі сьледзтва, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца вагоны, якія выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці і арыштаваныя судом як прылады злачынства.
«Вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі арыштаваных вагонаў у даход дзяржавы. Дасудовае сьледзтва ідзе і ажыцьцяўляецца Бюро эканамічнай бясьпекі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаў падчас вайны ва Ўкраіне
«Мы панесьлі значныя страты войскаў, гэта вялізная трагедыя для нас», — сказаў Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію Sky News.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаўУцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.
Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.
У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генэральная пракуратура Ўкраіны падлічыла колькасьць сканфіскаваных беларускіх і расейскіх чыгуначных вагонаўШто адбываецца ў Расеі
Intel пакідае Расею
Найбуйнейшы вытворца мікрапрацэсараў у сьвеце карпарацыя Intel заявіла, што неадкладна спыняе ўсе бізнэс-апэрацыі ў Расеі. У Расеі ў Intel 1,2 тысячы супрацоўнікаў.
«Intel працягвае разам з сусьветнай супольнасьцю асуджаць вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя апэрацыі ў Расіі. Гэта наступны крок за нашым папярэднім рашэньнем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У барацьбе з Пуціным Сэнат ЗША аднагалосна ўхваліў праграму, якая некалі дапамагла перамагчы ГітлераПуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Няма гораду, дзе не было б ахвяр». МУС Украіны аб ваенных злачынствах Расеі на акупаваных тэрыторыяхУдзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Макей заявіў, што ў перамовах па Ўкраіне павінен удзельнічаць ЛукашэнкаАГП прапануе беларусам правесьці акцыю супраць вайны ва Ўкраіне
Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе суграмадзянам накіраваць заяву ў дзяржаўныя органы з прапановай ініцыяваць пытаньне аб адпаведнасьці Канстытуцыі рашэньня ўладаў Беларусі аб вядзеньні агрэсіўнай вайны зь яе тэрыторыі.
«У вачах сусьветнай супольнасьці Беларусь — саўдзельніца агрэсіўнай вайны, за што ўжо пакараная ўведзенымі супраць яе санкцыямі. Беларусь усё больш становіцца краінай-ізгоем, а яе грамадзяне ўспрымаюцца нэгатыўна, як тыя, хто адказвае за дзеяньні свайго ўраду. Партыя прапануе задзейнічаць унутраныя мэханізмы ацэнкі дзеяньняў ураду», — гаворыцца ў заяве АГП.
Партыя прапануе кожнаму беларусу, арганізацыі і індывідуальнаму прадпрымальніку накіраваць заяву ў выглядзе электроннага ці пісьмовага звароту ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Савет Міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка пра расейскую агрэсію супраць Украіны: «Ня можа быць ніякіх перамоваў без удзелу Беларусі»Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею
Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.
Як рэагуе сьвет
ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin
ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на $ 100 млн. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму $1,7 млрд.
Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў SwitchbladeЭўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі
Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю. Таксама ў рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уезд у ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць РасеіЭўразьвяз выдзеліць яшчэ 500 млн эўра на ваеннае абсталяваньне для Ўкраіны
Пра гэта паведаміў 7 красавіка кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека
Рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» – 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавекаСэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў
Рашэньне Сэнату ЗША на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаўЛатвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне
Парлямэнт Латвіі 7 красавіка забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна.
Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэнне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаны выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньнеМалдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і V
Дэманстрацыя сьцягоў, літар, стужак і іншай атрыбутыкі пацягне за сабою штраф у памеры да 9000 леяў (450 эўра) для фізычных і да 18 000 леяў для юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Малдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і VМакрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбны новыя санкцыі»
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.
«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раўнду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.
Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.