DER SPIEGEL: Нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у Бучы

Пахаваньне целаў мірных жыхароў Бучы, якіх забілі падчас расейскай акупацыі гораду. 6 красавіка 2022
Пахаваньне целаў мірных жыхароў Бучы, якіх забілі падчас расейскай акупацыі гораду. 6 красавіка 2022

Як сьцьвярджае выданьне са спасылкай на інфармацыю, атрыманую Bundesnachrichtendienst (BND), службай замежнай выведкі Нямеччыны, хутчэй за ўсё зьверствы расейскіх узброеных сіл ва ўкраінскай Бучы былі часткай пляну Расеі.

DER SPIEGEL стала вядома, што BND перахапіла расейскія вайсковыя радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у Бучы. Некаторыя зь перахопленых радыёперамоваў, відаць, могуць быць непасрэдна зьвязаныя з трупамі, якія былі сфатаграфаваныя ў Бучы.

Пасьля вываду расейскіх войскаў з горада ў мінулыя выхадныя было знойдзена масавае пахаваньне, а таксама целы некалькіх дзясяткаў загінулых мірных жыхароў, пакінутыя ляжаць на вуліцах. Рукі некаторых ахвяр былі зьвязаныя, а на целах іншых былі сьляды катаваньняў. Паведамляецца, што сярод ахвяр таксама шмат жанчын і дзяцей.

Расейскі ўрад катэгарычна адмаўляе, што расейскія войскі нясуць адказнасьць за гэтыя ваенныя злачынствы.

Перахопленыя нямецкай выведкай камэнтары сьведчаць пра адваротнае.

Як стала вядома DER SPIEGEL, у сераду BND паінфармавала парлямэнтароў аб сваіх высновах.

Частка перахопленага трафіку адпавядае ранейшым зьвесткам аб месцазнаходжаньні цел, знойдзеных уздоўж галоўнай дарогі праз горад. У адным з аўдыё салдатаў нібыта сказаў другому, што яны толькі што застрэлілі чалавека на ровары. Гэта адпавядае вядомаму цяпер па ўсім сьвеце фатаздымку мёртвага цела, якое ляжыць побач з роварам. У іншай перахопленай размове мужчына нібыта сказаў: «Спачатку ты дапытваеш салдатаў, а потым страляеш у іх».

Частка пляну?

Матэрыял BND таксама нібыта сьведчыць пра тое, што вядучую ролю ў зьверствах адыгрывалі баевікі расейскага наёмнага падразьдзяленьня пад назвай ПВК «Вагнэр». Вядома, што група зьдзяйсьняла аналягічныя злачынствы ў Сырыі.

Відавочцы нядаўна паведамілі, што акупацыйныя сілы ў Бучы першапачаткова складаліся з «маладых салдатаў». Пасьля таго, як іх зьмянілі іншыя падразьдзяленьні, па словах відавочцаў, напады на мірных жыхароў сталі адбывацца часьцей. Некаторыя відавочцы паведамляюць, што ў горадзе знаходзіліся чачэнскія падразьдзяленьні. Справаздачы падымаюць пытаньне аб тым, ці было гэтае прасоўваньне часткай пляну акупацыі.

Як піша DER SPIEGEL, радыёперамовы, перахопленыя BND, ствараюць уражаньне, што зьверствы, учыненыя над мірнымі жыхарамі ў Бучы, не былі выпадковымі дзеяньнямі асобных салдатаў, якія выйшлі з-пад кантролю. Хутчэй, гавораць крыніцы, якія пазнаёміліся з аўдыёзапісам, што вайскоўцы гаварылі аб зьверствах так, як быццам яны проста абмяркоўвалі сваё паўсядзённае жыцьцё.

Таксама крыніцы выданьня кажуць, што забойствы мірных жыхароў сталі стандартным элемэнтам расейскай ваеннай дзейнасьці, а магчыма, нават часткай шырэйшай стратэгіі. Намер складаецца ў тым, каб пасеяць страх сярод цывільнага насельніцтва і тым самым аслабіць волю да супраціву.

DER SPIEGEL даведаўся, што ў цяперашні час аналізуецца больш перахопленых радыёперамоваў, аднак цяжка дакладна лякалізаваць частку гуку. Некаторыя запісы ўказваюць на тое, што інцыдэнты, падобныя тым, што адбыліся ў Бучы, мелі месца і ў іншых месцах. Паведамляецца, што ёсьць прыкметы магчымых зьверстваў у навакольлях Марыюпалю, буйнога горада на поўдні Ўкраіны, абложанага расейскімі вайскоўцамі.

​
XS
SM
MD
LG