Макей заявіў, што ў перамовах па Ўкраіне павінен удзельнічаць Лукашэнка

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Пра гэта кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей заявіў 7 красавіка. Ён паўтарыў словы Лукашэнкі аб тым, што пазыцыю Беларусі павінны пачуць.

У рамках перамоваў па Ўкраіне павінны быць дадзеныя гарантыі бясьпекі Беларусі, лічыць Уладзімер Макей, яго цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, у перамовах павінен удзельнічаць Аляксандар Лукашэнка, і гэта «адназначная пазыцыя» Менску.

Сытуацыю ў Беларусі Макей назваў «архіскладанай».

Макей падкрэсьліў, што выніковая сустрэча ўкраінскага і расейскага бакоў ня можа адбыцца без удзелу Беларусі.

«Мы лічым, што няважна, дзе будзе праходзіць у канчатковым выніку заключная сустрэча (мірных перамоваў Расеі і Ўкраіны). Але тое, што прэзыдэнт Беларусі [так Макей называе Лукашэнку, хаця яго легітымным кіраўніком дзяржавы не прызнаюць нідзе на Захадзе. — РС] павінен удзельнічаць у гэтых перамовах, гэта наша адназначная думка».

Раней пра неабходнасьць удзелу Беларусі ў такіх перамовах выказаўся сам Лукашэнка. Ён заявіў, што пазыцыю дзяржавы павінны пачуць, і зноў абвінаваціў заходнія краіны ва «ўцягваньні» ў канфлікт, які назваў «вайной» насуперак афіцыйнаму наратыву Крамля, які называе баявыя дзеяньні ва Ўкраіне «спэцапэрацыяй».

​
XS
SM
MD
LG