Прэзыдэнт Швайцарыі паразмаўляў з  Макеем і нагадаў пра выкарыстаньне расейцамі тэрыторыі Беларусі для атак на Ўкраіну

Уладзімер Макей і кіраўнік МЗС Швайцарыі Іньяцыё Касіс падчас адкрыцьця амбасады Швайцарыі ў Менску, 13 лютага 2020 году
Уладзімер Макей і кіраўнік МЗС Швайцарыі Іньяцыё Касіс падчас адкрыцьця амбасады Швайцарыі ў Менску, 13 лютага 2020 году

У тэлефоннай размове абмяркоўваліся санкцыі, украінскія ўцекачы, удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі і іншыя пытаньні.

Фэдэральны прэзыдэнт — кіраўнік фэдэральнага дэпартамэнту замежных спраў Швайцарыі Іньяцыё Касіс у тэлефоннай размове зь кіраўніком беларускага МЗС Уладзімерам Макеем 6 красавіка выказаў «глыбокае шкадаваньне» з нагоды таго, што Беларусь дае Расеі тэрыторыю для вядзеньня вайны супраць Украіны.

«У размове зь міністрам замежных спраў Беларусі я падкрэсьліў неабходнасьць тэрмінова вырашыць праблему дыпляматычным шляхам, каб пакласьці канец жахлівай вайне ва Ўкраіне. Швайцарыя прапануе сваю дыпляматычную падтрымку. Я вітаю пасярэдніцкія намаганьні Беларусі, але ў той жа час глыбока шкадую, што яна дае сваю тэрыторыю расейскай арміі», — напісаў Касіс у твітэры.

Раней прэс-служба беларускага замежнапалітычнага ведамства паведаміла, што Макей і Касіс абмеркавалі па тэлефоне «пытаньні рэгіянальнай бясьпекі, сытуацыю ва Ўкраіне і зьвязаныя зь ёй гуманітарныя выклікі для краін Эўропы, санкцыйную тэматыку, а таксама стан і пэрспэктывы далейшага разьвіцьця беларуска-швайцарскіх дачыненьняў».

​
XS
SM
MD
LG