Генэральны пракурор Украіны паведаміла, што з вызваленай ад акупантаў Кіеўшчыны вывезьлі ўжо 410 цел загіблых

Буча, 2 красавіка 2022 году

Тэрыторыя вобласьці падзеленая на квадраты, у кожным зь якіх працуюць сьледча-апэратыўныя групы.

Пра гэта паведаміла генэральны пракурор Украіны Ірына Венедыктава ў Facebook.

«На вызваленых тэрыторыях Кіеўшчыны — звышважныя доказы жорсткіх ваенных злачынстваў РФ. Гэта пекла, якое трэба задакумэнтаваць, каб пакараць нелюдзей, якія зладзілі яго на нашай зямлі», — адзначыла яна.

Вуліцы Бучы заваленыя целамі мірных жыхароў пасьля расейскай акупацыі — фотасьведчаньне

Паводле яе слоў, уся вызваленая ад акупантаў тэрыторыя падзелена на квадраты, у кожным зь якіх працуюць сьледча-апэратыўныя групы з пракурораў, сьледчых і апэратыўных супрацоўнікаў Нацыянальнай паліцыі. Да правядзеньня аглядаў месцаў падзей прыцягваюцца інспэктары-крыміналісты, выбуховыя тэхнікі, кінолягі, судова-мэдычныя экспэрты і лекары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду

«У бюро судмэдэкспэртызы пастаянна дзяжураць пракуроры, сьледчыя і судовыя экспэрты для правядзеньня аглядаў, укрыцьцяў і адбору узораў ДНК. З тэрыторыі Кіеўшчыны цяпер вывезена 410 цел забітых мірных жыхароў, за 1-3 красавіка 140 зь іх ужо агледжаныя пракурорамі і іншымі спэцыялістамі», — дадала Венедыктава.

Пракурор адзначыла, што паралельна адбываецца праца з мясцовым насельніцтвам, пошук сьведкаў, пацярпелых, збор фота- і відэадоказаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэакцыя сьвету на масавыя забойствы ў Бучы: Кулеба лічыць Расею горшай за ісламістаў, Ціханоўская заклікае зьбіраць доказы злачынстваў