Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы Бучы заваленыя целамі мірных жыхароў пасьля расейскай акупацыі — фотасьведчаньне

У першыя дні красавіка шэраг журналістаў змаглі патрапіць у найбуйнейшыя гарады Кіеўскай вобласьці адразу пасьля іх вызваленьня.

На шакавальных кадрах, зробленых агенцтвамі Reuters, AFP і іншымі мэдыя, бачныя целы загінулых грамадзянскіх, якімі ўсеяныя вуліцы Бучы — раней густанаселенага гораду-сатэліта ўкраінскай сталіцы. У некаторых загінуўшых зьвязаныя рукі.

У Бучы пахаваны 280 чалавек у брацкіх магілах, паведаміў AFP мэр Бучы Анатоль Федарук. Аб ваенных злачынствах на захопленых Расеяй тэрыторыях паведамляла праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch: сярод іх былі выпадкі расстрэлу грамадзянскіх у Бучы ў пачатку сакавіка.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Міхаіл Падаляк таксама апублікаваў фота загіблых, назваўшы гэта «самымі страшнымі злачынствамі нацызму», якія вярнуліся ў Эўропу і былі зьдзейсненыя Расеяй. Афіцыйнай рэакцыі Масквы на гэтыя факты пакуль не паступала.

Нягледзячы на пастаянныя ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і захопы населеных пунктаў на поўначы, поўдні і ўсходзе Ўкраіны, улады Расеі сьцьвярджаюць, што яе мэтамі зьяўляецца зьнішчэнне ваеннай інфраструктуры і «вызваленьне Данбасу».

З пачатку маштабнага ўварваньня Расійскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну 10 000 000 украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. ААН задакумэнтавала забойства 1276 грамадзянскіх асоб у пэрыяд з 24 лютага па 31 сакавіка. Гэтыя дадзеныя не зьяўляюцца поўнымі па колькасьці загіблых.


XS
SM
MD
LG