Экс-камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе: «Лукашэнка бачыць, што частку арміі Беларусі зьнішчаць у выпадку агрэсіі супраць Украіны»

Бэн Годжэс

У бліжэйшыя тры тыдні Ўкраіна зможа наступіць на шыю Крамлю, і партнэры павінны дапамагчы ёй прасунуцца наперад і зламаць гэтую шыю, тэрмінова забясьпечыўшы ўсё, аб чым Украіна просіць, лічыць амэрыканскі афіцэр. Таксама ён выказаўся і пра ўдзел Лукашэнкі ў вайне.

Пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу ТСН заявіў камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе генэрал Бэн Годжэс. Сярод іншага ён адзначыў, што Расея не дасягнула ніводнай мэты пры ўварваньні.

«Пуцін не дасягнуў ніводнай сваёй мэты. Барацьба ўкраінскіх салдат і ўкраінскага народа, тое, як яны змагаюцца, вызначае гэты супраціў. Расейцы правалілі ўсе свае мэты. Нават сёньня, праз 5 тыдняў, яны так і не захапілі Марыюпаль, які павінен быў стаць першым горадам, які ўпаў, улічваючы ўсе перавагі, якія мелі расейцы. Не атрымалася. І, вядома, часткова гэта зьвязана зь няправільнымі разьлікамі, памылкамі і цаной, якую яны павінны заплаціць. Таму Крэмль абвясьціў аб заканчэньні „першай фазы“, а цяпер аб пачатку „другой фазы“, што, вядома ж, ёсьць абсалютнымі казкамі. Яны ня могуць прызнаць, што пацярпелі няўдачу, таму цяпер трэба ісьці на нешта іншае. Але гэта ня будзе доўжыцца вечна».

Дапамога Ўкраіне мусіць дастаўляцца апэратыўна. Заходнія партнэры павінны разумець важнасьць гістарычнага шанцу. Годжэс удакладніў, што Ўкраіну неабходна забясьпечыць узбраеньнем, якое дапаможа зьнішчыць ракеты вялікай далёкасьці, артылерыю далёкага дзеяньня, караблі і самалёты, зь якіх запускаюцца крылатыя ракеты.

«Калі мы не дапаможам, расейцы пачнуць аднаўляцца, падвозіць боепрыпасы, яны зразумеюць, што робяць ня так, і зробяць спробы новага наступу. Таму зараз мы знаходзімся на вострай стадыі гэтай кампаніі», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Макфол — пра тры сцэнары завяршэньня вайны

Ён адзначыў, што расейская армія, безумоўна, неэфэктыўная, але ў яе яшчэ ёсьць ядзерная зброя, шмат магчымасьцяў, тысячы салдат.

«Таму мы павінны скарыстацца магчымасьцю цяпер, пакуль яны зазналі няўдач. У адваротным выпадку нам давядзецца зноў мець справу з гэтым праз 2-3 гады. Таму мы павінны гаварыць аб перамозе зараз. Няма чаго абмяркоўваць. Прыярытэт перамагчы — аднавіць сувэрэнітэт Украіны. І гэта павінна быць мэтай ЗША і Эўропы — дапамагчы Ўкраіне аднавіць свой сувэрэнітэт. Тады мы можам гаварыць з пазыцыі сілы», — сказаў Годжэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уладзімір Зяленскі: «Хто кіруе эўраатлянтычнай супольнасьцю? Масква ўсё яшчэ праз запалохваньне?»

Адказаў Бэн Годжэс і на пытаньне, як ён расцэньвае імавернасьць далучэньня да вайны беларускіх войскаў. Ён мяркуе, што дзеяньні Лукашэнкі шмат у чым цяпер абумоўлены ціскам Крамля.

«Я б сказаў, што такая магчымасьць ёсьць. Лукашэнка — нелегітымны лідэр. У гэтым няма ніякіх сумненьняў. Ніхто ў сьвеце ня верыць, што яго абраньне было легітымным. Але ён цяпер ва ўладзе, у атачэньні сілавікоў. Але я думаю, што нават ён бачыць, што невялікая частка войскаў зь Беларусі будзе зьнішчана, і ён страціць нават тое. Таму ён спрабуе дазволіць Расеі дзейнічаць з тэрыторыі Беларусі. Але я думаю, што ён спрабуе захаваць маленькую армію, якая ў яго яшчэ ёсьць. Гэта залежыць ад ціску з боку Крамля. Пры гэтым Лукашэнка кожны дзень робіць разьлікі наконт уласнага выжываньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Лукашэнка паўтара года ўцягваў Беларусь у вайну. Храналёгія, якая ўсё тлумачыць