Уладзімір Зяленскі: «Хто кіруе эўраатлянтычнай супольнасьцю? Масква ўсё яшчэ праз запалохваньне?»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што краіне неабходныя самалёты, зьвярнуўся да сусьветнай габрэйскай супольнасьці і спытаў, хто ж кіруе NATO.

Уладзімір Зяленскі адзначыў сьмеласьць і стойкасьць жыхароў горада-спадарожніка ЧАЭС Славуціча, якія ў суботу выйшлі пратэставаць супраць захопу гораду расейскімі вайскоўцамі. Апошнія ўжывалі супраць мірных пратэстоўцаў сьветлашумавыя гранаты і стралялі ў паветра, выкралі мэра, але затым адпусьцілі.

«Краіна адзіная ў імкненьні жыць свабодна і незалежна дзеля таго, пра што марыць сама, а не дзеля чужых хворых фантазій. Кожны дзень нашага супраціву ва ўсіх раёнах, куды — пакуль што — зайшлі акупанты, даказвае, што Ўкраіна — поўнае жыцьця дзяржава, якая мае гістарычныя карані і маральныя падставы на ўсёй сваёй тэрыторыі».

Галоўнай тэмай прамовы прэзыдэнта Ўкраіны стала бясьпека і яе забесьпячэньне. Афіцыйны Кіеў працягвае настойваць на тым, што краіна заслугоўвае большай увагі ад NATO і ёй неабходныя самалёты.

«Які кошт гэтай бясьпекі? Гэта самалёты і танкі для Ўкраіны, супрацьракетная абарона, супрацькарабельная зброя. Гэта тое, што ёсьць у нашых партнэраў, што ў іх проста пыліцца. Урэшце, гэта трэба ня толькі для свабоды Ўкраіны, але для свабоды Эўропы. Для ўсіх на кантынэнце ня можа быць прымальным, калі пад пагрозай сутыкненьня з расейскімі захопнікамі апынуцца краіны Балтыі, Польшча, Славаччына, увесь усход Эўропы.

Апынуцца толькі таму, што ўсяго 1% ад самалётаў і танкаў NATO застанецца стаяць недзе ў ангарах. Усяго 1%! Мы ня просім больш. А чакаем ужо 31 дзень. Дык хто кіруе эўраатлянтычнай супольнасьцю? Няўжо да гэтага часу Масква — праз запалохваньне? Партнэрам трэба актывізаваць дапамогу Ўкраіне. Менавіта трэба — таму што гэта бясьпека Эўропы».

Таксама Зяленскі дадаў, што Расеі на ўкраінскай тэрыторыі не дапамогуць ані завезеныя расейскія рублі, ані расейская тэлевізія, ані прапагандысцкія ўлёткі і нават маргіналы, падкупленыя, каб паказваць ляяльнае Маскве насельніцтва.

Згадаўшы злачынствы расейцаў на тэрыторыі Ўкраіны, Зяленскі згадаў сусьветную габрэйскую супольнасьць, якая мае адрэагаваць на гэта. Украінскі прэзыдэнт заявіў, што ваенныя злачынствы расейцаў падобныя на злачынствы нямецкіх нацыстаў у 40-я гг. ХХ ст.

​
XS
SM
MD
LG