Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн зьвярнуўся да расейцаў: Успомніце 1940-я гады ў Расеі. Менавіта такі жах прынесла ва Ўкраіну расейская армія


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які завяршае сваю паездку па Эўропе, выступіў у Польшчы зь вялікай прамовай пра вайну ва Ўкраіне. Пра што гаварыў Байдэн.


Пра барацьбу за дэмакратыю

— «Не баяцца», — першыя словы першага польскага Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Ён казаў пра гэта ў 1979 годзе, калі існавала жалезная заслона, і праз год узьнікла «Салідарнасьць». Праз 10 гадоў СССР распаўся, а Польшча і краіны Ўсходняй Эўропы атрымалі свабоду. Гэта быў доўгі працэс, і мы выйшлі новымі з гэтай барацьбы за дэмакратыю. Цяпер трэба разумець, што мы не пераможам у гэтай барацьбе за дэмакратыю за месяц — гэта будзе доўгая барацьба.

— У барацьбе за дэмакратыю і свабоду Ўкраіна знаходзіцца на пярэднім пляне. На дэмакратычных прынцыпах заснаванае свабоднае грамадзтва, але яны заўсёды падвяргаліся нападкам і пагрозам. Я зьвяртаюся да народу Ўкраіны: мы з вамі!

«Расея ад пачатку была схільная да гвалту»

— Пуцін паставіў сабе ганебную мэту. Ён заявіў, што хоча «дэнацыфікаваць» Украіну. Ён паўтарае пра нацызм Зяленскага, законна абранага прэзыдэнта, габрэя, чый дзед змагаўся з нацысцкай Нямеччынай. Пуцін, як і ўсе аўтакраты, лічыць, што хто мацнейшы, той і мае рацыю. Але Абрагам Лінкальн казаў, што сіла ў праўдзе. Дык давайце гэта дакажам.

— Крэмль хоча прадставіць пашырэньне NATO як імпэрскі праект, мэта якога дэстабілізаваць Расею, але гэта няпраўда. NATO выконвае абарончую функцыю і ніколі не спрабавала парушыць межы Расеі.

— Расея ад пачатку была схільная да гвалту. Яны ўвесь час казалі, што ня будуць урывацца ва Ўкраіну. Выбар Расеі на карысьць вайны нічым ня быў справакаваны. Таму мы нанесьлі ўдар у самае сэрца расейкай эканомікі: блізкае атачэньне Пуціна былі архітэктарамі гэтай вайны. Больш як 400 кампаній сышлі з Расеі ў выніку беспрэцэдэнтных санкцый, рубель практычна абясцэніўся. ВУП Расеі ў найбліжэйшыя гады гады скароціцца ўдвая. Расея неўзабаве ня будзе ўваходзіць нават у дваццатку наймацнейшых эканомік. Гэтыя санкцыі пазбаўляюць Расею сілы, і толькі Пуцін вінаваты ў гэтым.

Пра дапамогу Ўкраіне

— ЗША прадставілі Ўкраіне 150 млн даляраў дапамогі ў выглядзе зброі, 1.5 млрд даляраў у выглядзе боепрыпасаў.

— Ня думайце нават пра тое, каб захапіць хаця б адну цалю тэрыторыі NATO.

— Я сустрэўся з уцекачамі, я бачыў іх сьлёзы. Мы прымем 100 тысяч уцекачоў, прадставім на 300 млн даляраў гуманітарнай дапамогі.

— Улічваючы жорсткасьць Пуціна, мы павінны разумець, што вайна ўжо зьяўляецца глыбокім стратэгічным правалам Расеі. Пуцін думаў, што ўкраінцы ня будуць ваяваць за сваю краіну, але сутыкнуўся з мужнасьцю і цьвёрдасьцю духу ўкраінцаў.

— Дыктатар, захоплены аднаўленьнем імпэрыі, ніколі не заб'е ў людзях любоў да свабоды. Сілай не здушыць іх волю. Расея ніколі не пераможа Ўкраіну. Таму што свабодныя людзі ня будуць жыць у сьвеце, дзе пануе безнадзейнасьць і цемра. Будучыня будзе іншай: яна будзе пабудаваная на дэмакратычных прынцыпах. Там будуць надзея і сьвятло, прыстойнасьць і годнасьць, свабода і бязьмежныя магчымасьці. Пуцін ня можа заставацца ва ўладзе.

— Але трэба паглядзець праўдзе ў вочы: гэтую бітву ня выйграць ні ў найбліжэйшыя дні, ні нават за месяцы. Трэба падрыхтавацца да доўгай барацьбы.

Зварот да расейцаў

— 200 тысяч расейцаў ужо пакінулі краіну за месяц — велізарны выцек мазгоў. Я заўсёды казаў сумленна і кажу расейскаму народу: вы ня нашы ворагі. Калі вы лічыце, што забойства дзяцей і старыкоў зьяўляецца справядлівым — усё гэта ня дзеяньні вялікай дзяржавы. Ваша краіна як ніхто іншы павінна памятаць такую сытуацыю: успомніце 30-я і 40-я гады. Менавіта такі жах прынесла з сабой расейская армія. Сёньня агрэсія Пуціна адрэзала вас ад астатняга сьвету і вярнула ў 19 стагодзьдзе. Няўжо гэта будучыня, якую заслугоўваеце і вы і вашы дзеці? Вы заслугоўваеце лепшага, чым гэтая вайна.

Задачы Захаду

— Мы павінны перайсьці на іншыя крыніцы энэргіі, мы не павінны дазволіць тырану дыктаваць свае ўмовы.

— Мы павінны змагацца з карупцыяй, якая ідзе ад Крамля. Павінны працаваць дзеля перамогі дэмакратыі.

— Як казаў Ян Павал ІІ: Нельга губляць надзею, сумнявацца ў сабе. І галоўнае – не баяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG