Чым займаецца войска Беларусі, пакуль зь яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну
Беларускія вайскоўцы
Вучэньні, стралковыя турніры, абвінавачаньні ў інфармацыйнай вайне — пры чытаньні навінаў беларускага Міністэрства абароны не зразумееш, што ў суседняй Украіне ідзе вайна, а ракеты прылятаюць у тым ліку зь Беларусі, куды таксама вывозяць параненых і забітых расейскіх салдатаў.
Калі хаўрусьнікі беларускага Міністэрства абароны з Расеі 25 сакавіка ўжо 10-ы раз апынуліся пад трапным абстрэлам украінскай авіяцыі ў Чарнабаеўцы, самі спэцыялісты вайсковага міністэрства разам з калегамі зь Міністэрства адукацыі і зь «Беларускім саюзам афіцэраў» ладзілі рэспубліканскі сэмінар пад назвай «Патрыятызм — маральны падмурак грамадзтва».
У гэты ж дзень, у гадавіну абвяшчэньня БНР, у Цэнтральным доме афіцэраў канцэртам адзначалі 80-ю гадавіну стварэньня 120-й гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Імпрэза адбылася з удзелам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча і міністра абароны Віктара Хрэніна.
Вайсковая акадэмія 26 сакавіка правяла Дзень адчыненых дзьвярэй для абітурыентаў. У Менск, па падліках Міністэрства абароны, прыехалі звыш 2000 патэнцыйных курсантаў.
Тэма вайны з Украінай у беларускім грамадзтве стала вельмі балючай, а стаўленьне да яе сярод беларусаў, як сьведчаць дасьледаваньні, кардынальна адрозьніваецца ад стаўленьня расейцаў. Аднак ёсьць і такія, хто прыехаў на палігон «Берасьцейскі» — адзін з тых на поўдні краіны, дзе канцэнтраваліся расейскія войскі. І там таксама адбыўся Дзень адчыненых дзьвярэй.
У СМІ Мінабароны Беларусі не забыліся на супрацьстаяньне з «калектыўным Захадам». Часопіс «Армия» апублікаваў інтэрвію, дзе суразмоўца названая ўдзельніцаю жаночай хакерскай групы. У размове нібыта раскрываюцца дзеяньні 72-га цэнтру інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў Узброеных сіл Украіны. У тэксьце — абвінавачаньні ў адрас ЗША і Вялікай Брытаніі, якія нібыта спансаруюць антырасейскую дзейнасьць.
На палігоне «Госкі» 28 сакавіка адбыўся агляд гатоўнасьці асабовага складу і ўзбраеньня да батальённых тактычных вучэньняў. На ім прысутнічаў камандзір 6-й асобнай мэханізаванай брыгады Заходняга апэратыўнага камандаваньня гвардыі палкоўнік Аляксандар Лаўрэнаў. На наступны дзень гэтыя вучэньні пачаліся.
У той жа дзень Вайсковая акадэмія падпісала з Інстытутам гісторыі НАН мэмарандум аб супрацоўніцтве. Кіраўнік Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза перадаў бібліятэцы навучальнай установы, сярод іншых, кнігі пра гісторыю Полацкага княства.
29 сакавіка, калі расейская ракета ўдарыла ў будынак Мікалаеўскай абласной адміністрацыі, у Беларусі ў 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе стартавалі спаборніцтвы на лепшага снайпэра.
30 сакавіка Міністэрства абароны, Генэральны штаб і Ўзброеныя сілы пачалі спаборніцтвы ў стральбе са штатнай зброі.