«Рэпартэры бязь межаў»: расейцы катавалі токам захопленага ўкраінскага журналіста

Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» паведаміла пра ваеннае злачынства расейскіх войскаў на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны. Размова аб катаваньнях.

Расейскія вайскоўцы выкралі і катавалі токам украінскага журналіста, які супрацоўнічаў з Radio France, пішуць «Рэпартэры бязь межаў».

Журналіст Мікіта (ягонае імя зьменена ў мэтах асабістай бясьпекі) быў выкрадзены 5 сакавіка і ўтрымліваўся ў палоне ў «халодным падвале» 9 дзён, расказаў ён праваабаронцам. Паводле журналіста, яго білі жалезнымі прутамі па целе і твары, катавалі токам і нажом, не давалі ежы больш за два дні і «імітавалі пакараньне».

Гісторыю журналіста «Рэпартэрам бязь межаў» пацьвердзілі некалькі крыніц: яго родныя і чалавек, які знаходзіўся ў палоне разам з журналістам. Супрацоўнік арганізацыі таксама быў разам зь Мікітам на мэдаглядзе, на якім лекары пацьвердзілі траўмы, нанесеныя ўдарамі рознымі прадметамі і токам.

Арганізацыя накіруе сьведчаньні аб тым, што адбылося, у Міжнародны крымінальны суд ААН.

Вядома, што журналісту 32 гады, ён супрацоўнічае зь міжнароднымі СМІ ў якасьці «фіксэра» (чалавек, які дапамагае зь перакладам, пошукам людзей для інтэрвію і прадусаваньнем рэпартажаў) з 2013 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У акупаваным Мелітопалі, што на поўдні Ўкраіны, расейцы выкралі 4 журналістаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы прымусова вывозяць жыхароў Марыюпалю ў Расею і забіраюць у іх пашпарты