У акупаваным Мелітопалі, што на поўдні Ўкраіны, расейцы выкралі 4 журналістаў

Мітынг супраць расейскай акупацыі ў Мелітопалі, 7 сакавіка 2022 г.
Мітынг супраць расейскай акупацыі ў Мелітопалі, 7 сакавіка 2022 г.

Расейскія вайскоўцы ў Мелітопалі затрымалі і вывезьлі ў невядомым кірунку групу прадстаўнікоў мясцовага мэдыяхолдынгу, у тым ліку кіраўніка — Міхаіла Кумка.

Пра гэта паведаміла ягоная дачка Тацяна Кумок.

Аб затрыманьні як мінімум трох супрацоўнікаў «МВ-холдынгу» гаворыцца ў паведамленьні на сайце «Мелитопольские ведомости», які ўваходзіць у гэтую мэдыягрупу. Цяпер доступу да інтэрнэт-рэсурсу няма. Іншы мелітопальскі інтэрнэт-рэсурс са спасылкай на «МВ» паведамляе, што, акрамя Міхаіла Кумка, расейцы выкралі журналістаў Юлію Альхоўскую, Любоў Чайку і выпускнога рэдактара газэты «Мелитопольские ведомости» Яўгена Борана.

Раней у Запароскай вобласьці прапала журналістка Hromadske Вікторыя Рошчына. Дзе яна, пакуль невядома. Магчыма, яна ў палоне ў расейскіх вайскоўцаў.

У сувязі з баявымі дзеяньнямі і акупацыяй Мелітопаля рэдакцыя ня можа афіцыйна пацьвердзіць гэтыя факты.

Пазьней Нацыянальны саюз журналістаў Украіны паведаміў аб вызваленьні трох журналістак пасьля перамоваў аб неабходнасьці супрацы з акупацыйнымі ўладамі гораду. Празь нейкі час акупацыйныя ўлады вызвалілі і Міхаіла Кумка.

​
XS
SM
MD
LG