«Інфармацыйна-псыхалягічныя мерапрыемствы». Як ідэолягі Лукашэнкі апрацоўваюць беларускіх вайскоўцаў

Кіраўнік тэлеканала «АНТ» Марат Маркаў выступае перад вайскоўцамі ў Менскай вайсковай камэндатуры 17 сакавіка

19 сакавіка Беларусь эвакуавала ўсіх супрацоўнікаў амбасады з Кіева. Гэта выклікала чарговую хвалю размоваў пра рызыку ўварваньня беларускага войска на ўкраінскую тэрыторыю.

Размовы пра магчымы ўдзел беларускіх войскаў у вайне Расеі супраць Украіны на ўкраінскай тэрыторыі не сьціхаюць з пачатку баявых дзеяньняў 24 лютага. Дагэтуль пацьверджаньняў такіх фактаў не было. Вядома пра тое, што расейцы актыўна выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю для вядзеньня вайны — абстрэльваюць тэрыторыю Ўкраіны з пазыцый у Беларусі, карыстаюцца вайсковымі і цывільнымі аэрадромамі для ўзьлётаў баявой авіяцыі, а таксама выкарыстоўваюць чыгунку і сетку аўтамабільных дарог для падвозу боепрыпасаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Маскуюць пад шкло і трубы». Як расейскія войскі могуць выкарыстоўваць беларускую чыгунку для падвозу боепрыпасаўАдкуль у Беларусі запускаюць ракеты па Ўкраіне. МАПА

Мінабароны Беларусі ўжо некалькі разоў афіцыйна заяўляла, што беларускія вайскоўцы не бяруць удзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Усе падобныя паведамленьні там называюць фэйкамі. Пры гэтым ужо некалькі тыдняў па вайсковых частках езьдзяць супрацоўнікі дзяржаўных тэлеканалаў і ідэолягі, якія «інфармуюць» беларускіх вайскоўцаў пра тое, што адбываецца за паўднёвай мяжой. Свабода сабрала некалькі цытатаў найбольш вядомых удзельнікаў такіх сходаў.

«Новы від зброі»

16 сакавіка перад курсантамі і выкладчыкамі Сувораўскай вайсковай вучэльні выступіў праўладны палітоляг і прыхільнік эўразійства Аляксей Дзермант. Курсантам ён расказваў пра тое, як зараз важна супраціўляцца ідэям з Захаду.

«Гэта самае галоўнае, — сказаў Дзермант на сустрэчы ў актавай залі вучэльні. — Мы павінны перш за ўсё абараняць сваю зямлю, не дазваляць шкодна ўзьдзейнічаць на нас, на нашых саюзьнікаў. Нашая задача — мець сур’ёзны патэнцыял, каб ніхто ня мог нам пагражаць, магчымасьць абараніць сябе на сваёй зямлі і ўтрымліваць ваенна-стратэгічны балянс у рэгіёне, што мы пасьпяхова і робім».

Дзермант папярэдзіў «сувораўцаў», што іх будуць «інфармацыйна апрацоўваць» праз разнастайныя каналы і гэтаму таксама трэба супраціўляцца.

«Вядома, гэта спэцыяльныя інфармацыйна-псыхалягічныя мерапрыемствы, — перакананы палітоляг. — І ў гэтым сэнсе мы сутыкаемся зь нечым новым, гэта новы від зброі. І нам трэба ўмець абараняцца і мець такіх спэцыялістаў, якія разумеюць і супрацьдзейнічаюць гэтаму» (https://t.me/modmilby/12479).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!». Што беларускім дзецям гавораць пра вайну ў школе

«Інфармацыйная вайна пачалася ўжо даўно»

Былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пасьля сыходу з пасады ў кастрычніку 2021 году ўзначаліла аддзел ідэалёгіі Менгарвыканкаму. Пасьля гэтага яна некалькі разоў зьяўлялася ў публічнай прасторы падчас сустрэчаў са студэнтамі і «працоўнымі калектывамі». 15 сакавіка яна выступіла перад вайскоўцамі ў 56-м палку сувязі. Расказвала жаўнерам пра інфармацыйную вайну.

«Беларусы разумеюць сытуацыю, якая склалася, — выказала ўпэўненасьць былая прэс-сакратарка МУС. — Мы часта нагадваем, што інфармацыйная вайна пачалася ўжо даўно. І цяпер вельмі складана ўбачыць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі, якія адбываюцца за тэрыторыяй нашай краіны».

Вольга Чамаданава таксама шмат гаварыла пра патрыятызм, гатоўнасьць абараняць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. А зьвесткі, што пэрыядычна зьяўляюцца, пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне Расеі супраць Украіны назвала фэйкамі, спаслаўшыся пры гэтым на Лукашэнку.

«Ніводзін наш вайсковец не бярэ ўдзелу ў спэцапэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны, — запэўніла Чамаданава. — Наш прэзыдэнт гаварыў аб гэтым неаднаразова. Важна чытаць правераныя крыніцы інфармацыі».

«Прапагандаваліся нацысцкія ідэі, зьнішчалася руская культура»

Выступае перад вайскоўцамі Мінабароны Беларусі і былы супрацоўнік спэцслужбаў, а цяпер кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. 15 сакавіка ён быў зь візытам у 19-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Расказваючы жаўнерам пра «спэцыяльную вайсковую апэрацыю ва Ўкраіне», Сергеенка амаль цалкам трансьляваў расейскую вэрсію падзей.

«Сытуацыя, зьвязаная з правядзеньнем спэцыяльнай вайсковай апэрацыі ва Ўкраіне, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, паколькі ў многіх з нас жывуць блізкія як ва Ўкраіне, так і ў Расеі, — сказаў Сергеенка. — Здавалася б, некалькі гадоў таму складана было ўявіць, што такое магло адбыцца... На жаль, ва Ўкраіне фактычна адбыўся пераварот у сьвядомасьці людзей. Краіна напампоўвалася радыкальнымі элемэнтамі, прапагандаваліся нацысцкія ідэі, плянамерна зьнішчалася руская культура, разбуралася гістарычная памяць. І так званы дэмакратычны Захад не заўважаў жахлівых злачынстваў, якія ўчыняюцца там».

Ігар Сергеенка, як і Вольга Чамаданава, закрануў тэму «фэйкаў у інтэрнэце», якія тычацца сытуацыі ва Ўкраіне.

«Інфармацыйная зброя сёньня, па сутнасьці, знаходзіцца ў руках калектыўнага Захаду, — перакананы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі. — Наша задача — падчас паўсядзённых зносін даносіць праўду, у тым ліку бываючы ў розных калектывах».

Ён таксама пераконваў вайскоўцаў, што Ўзброеныя сілы Беларусі ў баях на тэрыторыі Ўкраіны ўдзельнічаць ня будуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Казлы вы майданныя, Беларусь дала вам мір». Як лукашэнкаўская прапаганда асьвятляе вайну ва Ўкраіне

«Няпростая сытуацыя ўздоўж межаў»

Незадоўга да рэфэрэндуму 27 лютага, ужо пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, з вайскоўцамі сустрэўся былы ўдзельнік выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, а цяпер праўладны апазыцыянэр Юры Васкрасенскі. Камандаваньню Вайскова-паветраных сілаў і Сілаў супрацьпаветранай абароны Васкрасенскага прадставілі як палітоляга.

«Улічваючы няпростую сытуацыю ўздоўж нашых межаў, асабліва важна было сустрэцца з вайскоўцамі, — сказаў Васкрасенскі. — Цяпер пытаньне абараназдольнасьці выходзіць на першы плян. У няпростай сытуацыі мы абавязаныя зрабіць усё, каб умацаваць і прымножыць незалежнасьць, сувэрэнітэт і абараназдольнасьць краіны. Прыемна бачыць, што ўсе вайскоўцы — і генэралы, і афіцэры, і салдаты — разумеюць, што цяпер як ніколі важна згуртавацца і быць гатовымі да любых выклікаў».

«Абарона парадку ў сьвятых месцах»

Кіраўнік ОНТ Марат Маркаў сустракаўся з супрацоўнікамі і служачымі Менскай вайсковай камэндатуры. Ён пераконваў вайскоўцаў, што ў Беларусі створанае сучаснае і баяздольнае войска.

«На сёньняшні дзень дзякуючы пасьлядоўнай палітыцы разьвіцьця Ўзброеных Сіл у Беларусі створана па-сапраўднаму баяздольнае войска, — перакананы кіраўнік ОНТ. — Яго колькасьць і забясьпечанасьць сучасным і эфэктыўным узбраеньнем дае магчымасьць выконваць задачы па забесьпячэньні бясьпекі краіны».

Згадаў Маркаў падчас сустрэчы з вайскоўцамі і падзеі 2020 году. На яго думку, тады беларуская ўлада ўтрымалася ў тым ліку дзякуючы «маральнаму духу» беларускіх жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў падаўленьні пратэстаў.

«Важным паказчыкам зьяўляецца маральны дух, — сказаў Маркаў. — І з гэтым у беларускіх вайскоўцаў усё ў парадку. Асабліва яскрава гэта выявілася ў 2020 годзе. Ваеннаслужачыя не завагаліся, а міністар абароны дакладна абазначыў пазыцыю Ўзброеных Сіл — у выпадку парушэньня парадку і спакою ў сьвятых месцах пратэстуючыя будуць мець справу з арміяй. Гэта красамоўна сьведчыць аб гатоўнасьці вайскоўцаў абараняць нашыя каштоўнасьці і дасягненьні».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.