Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!». Што беларускім дзецям гавораць пра вайну ў школе


«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёну Менску. 16 сакавіка 2022
«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёну Менску. 16 сакавіка 2022

«Расея вызваляе Ўкраіну», «Украіна — малайчына, змагаецца» ці поўная цішыня. Свабода распытала бацькоў пра тое, што настаўнікі гавораць дзецям на інфармацыйных гадзінах і ўроках гісторыі пра вайну ва Ўкраіне.

«Татальнага прамываньня мазгоў не назіраю»

Марына (усе імёны ў публікацыі зьмененыя ў мэтах бясьпекі. — РС) гадуе дваіх дзяцей. Яны ходзяць у 4 і 7 клясы звычайнай школы ў райцэнтры.

«Нашым дзецям нічога не гавораць пра вайну, наколькі я ведаю. Татальнага прамываньня мазгоў я, прынамсі, не назіраю. Настаўнікі проста робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Дзеці мае прагрэсіўныя, дасьведчаныя. Яны і самі ведаюць, што робіцца, і бачаць, у якім мы, дарослыя, цяпер стане. Я нават стараюся менш што гаварыць дома, каб яны потым у школе не ляпнулі і не прыцягнулі такім чынам непатрэбнай увагі да сям’і», — кажа Марына.

Яна зазначыла, што «патрыятычнае выхаваньне» ў школе для яе сына — гэта экскурсіі то ў міліцыю, то ў ваенкамат. Але такая «форма працы» практыкавалася і раней.

«Што тычыцца нашага гораду, то ён жыве звычайным жыцьцём. Толькі што ў небе часта кружляюць самалёты. Пра вайну ўсе маўчаць, зашыліся і баяцца нешта казаць. Адмоўчваюцца, і ў такім стане большасьць людзей», — дадала жыхарка райцэнтру.

«Дачка паскардзілася: „Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!“»

У Максіма дачка ходзіць у пачатковую клясу.

«Настаўніца яшчэ да вайны казала, што „Ўкраіна — вораг, Расея — наш сябар“. Цяпер на інфармацыйных гадзінах настаўніца кажа, што Пуцін вызваляе Ўкраіну, ідзе вызваленчая вайна, Украіна нападае сама на сябе, але Расея навядзе там парадак, — кажа Максім. — Я так думаю, што гэта ўласная пазыцыя нашай настаўніцы. Яна пэнсійнага ўзросту. З дачкой я даўно размаўляў пра такія рэчы. Яна ведае, што Ўкраіна нам ніякі не вораг. Нядаўна яна прыйшла са школы і паскардзілася: „Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!“». Мужчына не выстаўляў прэтэнзій настаўніцы і ня скардзіўся на яе.

«Ведаючы яе характар, ды і жывём мы ў невялікім горадзе, мы пазьбягаем канфлікту, бо потым могуць быць праблемы ў дачкі. Зьмяняць потым клясу — не варыянт. Але дачка і так разумее, што да чаго, хто вораг, а хто не», — лічыць ён.

«У нас іншая праблема — бацькі зьяжджаюць і часам нават дакумэнты са школаў не забіраюць»

Тата дваіх гомельскіх школьнікаў расказаў, што ў іх утварылася іншая праблема: бацькі выяжджаюць зь Беларусі, забіраюць са школаў дзяцей і часам нават не бяруць іхных дакумэнтаў.

«У школе ж сур’ёзны кантроль за дзецьмі — дзе яны дзеліся, чаму прагулялі ўрокі, нават на вакацыі трэба бацькам пісаць тлумачэньне, дзе і з кім будуць дзеці. Настаўнікаў зьбірала кіраўніцтва і тлумачыла, якія паперы трэба сабраць бацькам, каб забраць дзіця. Як сыход дзіцяці са школы аформіць так, каб потым не было прэтэнзій да кіраўніцтва школы. Проста начальства баіцца, каб потым у іх не было праблем, калі «недалічацца» дзяцей, і каб бацькі забралі іх «легальна», — патлумачыў Аляксандар.

Ён зазначыў, што аб прапагандзе вайны ў школе нічога ня чуў ад сваіх дзяцей.

«Афіцыйнага загаду, што гаварыць пра вайну, у нас не было»

Сьвятлана працуе настаўніцай у Гомлі і кажа, што афіцыйнага загаду, што і як гаварыць пра вайну ва Ўкраіне, не было.

«Мне здаецца, калі настаўнікі гісторыі ці клясныя кіраўнікі выказваюцца ў падтрымку Расеі ці Ўкраіны, то робяць гэта адпаведна асабістай пазыцыі. Сын расказваў, што ў іх клясе настаўніца сказала, што „ўкраінцы — малайцы, яны змагаюцца“. Больш дзеці, а ў мяне двое школьнікаў, нічога не расказвалі», — кажа настаўніца.

Іншая настаўніца сказала, што днямі быў загад ад кіраўніцтва школы наконт выкананьня на першым уроку гімну Беларусі.

«Гэта хутчэй для справаздачы. Каб дзеці ўсе былі на месцы, каб усе былі на „дзелавым стылі“, каб усе дружна сьпявалі. Гэта трэба было зьняць на відэа і хутка адправіць для справаздачы кіраўніцтву», — расказала настаўніца. Такія «акцыі патрыятызму», па яе словах, праходзяць у школах пэрыядычна.

«Ня думаю, што думка настаўніцы ці зачытаная прапаганда надта паўплываюць на дзіця»

Псыхоляг Крысьціна кажа, што першая парада для бацькоў, якія сутыкнуліся з давядзеньнем да дзяцей непажаданай інфармацыі, — не панікаваць.

«Найбольшы ўплыў на дзіця будзе мець пазыцыя бацькоў, асабліва калі ў вас даверлівыя, цёплыя адносіны. Таму спакойна і абгрунтавана агучвайце сваю пазыцыю ў адпаведнасьці з узростам дзіцяці, прыцягвайце яго да разважаньняў — каб гэта не было „перацягваньнем каната“.

Калі адзін бок зь пенай на вуснах даказвае сваю рацыю, пазыцыя бацькоў будзе выйгрышнай, калі яны ня будуць рабіць гэта ж з такім шалам, як школьныя настаўнікі. А скажуць: „Давай з табой паглядзім, як насамрэч, прааналізуем. А што ты думаеш з гэтай нагоды, як табе гэта адгукаецца, наколькі гэта падобна на праўду?“. Гэта будзе добрае запрашэньне да размовы пра каштоўнасьці. Бо як бы ні называлася „спэцапэрацыя“, у імя б чаго ні зьбіраўся нехта праводзіць „спэцапэрацыю“, пазбаўляць людзей жыцьця — гэта злачынства», — патлумачыла псыхоляг.

Яна нагадала, што сучасныя дзеці не жывуць у вакуўме, у іх дастаткова інфармацыі па-за школай.

«Таму ня думаю, што думка настаўніцы ці зачытаная прапаганда можа моцна на іх паўплываць. А калі зь імі размаўляюць бацькі дома, то паўплываць будзе яшчэ больш складана», — лічыць Крысьціна.

«Наша краіна апрыёры ня можа быць удзельнікам узброенага канфлікту»

Міністэрства адукацыі на сваім Youtube-канале расказала пра пляны на 22-24 сакавіка.

22 сакавіка ў школах правядуць адзіны ўрок «Пра што звоняць званы Хатыні». Школьнікам будуць распавядаць пра генацыд беларускага народу.

24 сакавіка ва ўсіх школах правядуць інфармацыйную гадзіну «Беларусь — краіна міру, сяброўства, добрасуседзтва».

Для настаўнікаў падрыхтавалі мэтадычныя рэкамэндацыі.

«Асноўная ўстаноўка — тое, што наша краіна, якая прайшла праз жахі вайны, апрыёры ня можа быць удзельнікам узброенага канфлікту. На прэзэнтацыі мы будзем казаць пра кіраўніка дзяржавы і Канстытуцыю як гарантаў міралюбівай палітыкі. Можа выкарыстаць фрагмэнты выступу Вадзіма Гігіна, які тычыцца сытуацыі на нашых межах», — параіла настаўнікам намесьніца дырэктара Нацыянальнага інстытуту адукацыі Людміла Раманоўская.

Яна зазначыла, што міністэрства падрыхтавала прыкладныя адказы на пытаньні вучняў пра «спэцапэрацыю ва Ўкраіне». Адказы будуць у мэтадычных рэкамэндацыях на адзіным адукацыйным партале.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG