«Падобна да краху эканамічнай сыстэмы ў выніку распаду СССР». Эканаміст Аляхновіч аб сытуацыі ў Беларусі

Эканаміст Алесь Аляхновіч. 12 кастрычніка 2020 году

У сувязі з саўдзелам беларускай дзяржавы ў расейскай вайне супраць Украіны беларускую эканоміку чакае няўхільны глыбокі крызіс. Гэты крызіс будзе не падобны да тых, якія беларусы перажылі ў 2009-м, 2011-м, з 2014-га па 2016-ы, а таксама ў 2020-м, мяркуе эканаміст Алесь Аляхновіч.

На думку эканаміста Алеся Аляхновіча, кіраўніка эканамічнай каманды Офісу Святланы Ціханоўскай, Беларусь чакае эканамічны крах, падобны да таго, які адбыўся пасьля распаду СССР. У пубдікацыі на сайце Zerkalo.io ён прыводзіць некалькі прычын для такога маштабнага крызісу.

  • «Па-першае, моцнае абясцэньваньне беларускага рубля. За час вайны курс даляра вырас з 2 рублёў 60 капеек да 3 рублёў 30 капеек. Але па такім курсе вы нідзе не купіце валюты. Рынкавы курс бліжэйшы да 3,5 рубля. То бок рубель ужо абясцэніўся на траціну».
  • «Па-другое, адчувальны рост цэнаў амаль на ўсе тавары. Гэта зьвязана з ростам валютнага курсу, дэфіцытам некаторых імпартных кампанэнтаў і тавараў у выніку байкоту беларускага рынку замежнымі кампаніямі, ростам глябальных цэнаў на энэргарэсурсы, а таксама ўключэньнем у кошт тавараў розных тыпаў рызыкі, якіх не было да вайны (напрыклад, праблемы з аплатай або дастаўкай тавараў, павышэньне падаткаў і новыя абмежаваньні з боку дзяржаўных органаў). Рост цэнаў на большасьць тавараў прывядзе да зьбядненьня беларусаў, бо заробкі, пэнсіі і іншыя выплаты ня будуць пасьпяваць за інфляцыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Наступствы вайны: Гомельскі хімзавод адправіў частку людзей у водпуск, рэзка растуць цэны
  • «Па-трэцяе, абмежаваньні на валютным рынку. Рэзэрваў Нацбанку недастаткова, каб адначасова фінансаваць пагашэньне дзяржаўнага доўгу, падтрымаць курс рубля і забясьпечыць ліквіднасьць банкам пры выплаце валютных зьберажэньняў усім ахвотным. Таму, калі пачалася паніка на валютным рынку, Нацбанк рэкамэндаваў банкам абмежаваць абмен валюты і зьняцьце сродкаў з банкаўскіх рахункаў».
  • «Па-чацьвёртае, скарачэньне вытворчасьці на прадпрыемствах і скарачэньне занятасьці. 40 краін Захаду, у тым ліку Эўразьвяз, ЗША, Канада, Швайцарыя і Нарвэгія, вельмі істотна абмежавалі імпарт зь Беларусі, у тым ліку нафты, нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаеньняў, мэталапрадукцыі, дрэва і вырабаў з дрэва, цэмэнту і вырабаў з гумы. У прыватнасьці, ЭЗ забараніў пастаўкі прыкладна 70% тавараў, якія Беларусь пастаўляла туды. Для асобных прадпрыемстваў і галін эканомікі скарачэньне будзе яшчэ большым і будзе пагражаць банкруцтвам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі
  • «Па-пятае, фінансавыя праблемы на прадпрыемствах. Многія зь іх, асабліва дзяржаўныя, маюць валютныя крэдыты, кошт абслугоўваньня якіх цяпер імкліва расьце праз падзеньне курсу беларускага рубля. Яшчэ да вайны многія зь іх былі на мяжы рэнтабэльнасьці і патрабавалі дзяржаўнай падтрымкі на пагашэньне крэдытаў, а часам нават на абслугоўваньне працэнтаў па крэдытах».
  • «Па-шостае, падзеньне якасьці жыцьця праз байкот замежнымі кампаніямі беларускага рынку. Ужо цяпер або неўзабаве вы ня зможаце схадзіць у кіно, каб паглядзець новы галівудзкі фільм, купіць у краме нейкі смачны імпартны пачастунак або брэндавую вопратку, паесьці ў „Макдоналдсе“, выклікаць таксі праз смартфон, адрамантаваць свой імпартны аўтамабіль, зьняць гатэль або апартамэнты праз Booking.com або Airbnb, скарыстацца сваёй банкаўскай карткай для міжнародных пакупак або падчас адпачынку за мяжой. Зрэшты, ужо неўзабаве беларусы могуць увогуле стаць невыязнымі, таму што многія краіны адмовяцца выдаваць нам візы, а дабрацца самалётам у іншыя эўрапейскія краіны будзе вельмі складана і дорага».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.