Мне сьмешна, калі я чую банальны выраз пра тое, што жыцьцё больш ніколі ня будзе ранейшым. Я чуў гэта ў сьнежні 1979-га, калі выпраўлялі ў Афганістан першых беларускіх хлопцаў. І ў красавіку 1986-га, калі ўсе ўцякалі ад Чарнобыля. І ў жніўні 1991-га, калі, агаломшаныя, мы назіралі апошнія канвульсіі камуністычнага рэжыму.
І вось цяпер амаль штодня чую цяпер. Але на двары вясна — як і дзесяць, і сто год таму. Сусед выкідвае з хлява гной і перабірае бульбу, бо хутка ў поле. Малы сын зьбіраецца ў школу, а па дарозе слухае першых жаўранкаў і назірае за бусламі, якія майструюць гняздо на старой ліпе. І чаму я павінен верыць камусьці, што гэтым разам усё канчаткова перакуліцца дагары нагамі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах90-я гады як час надзеі
Як нейкі неймаверны страх, ледзь не як катаклізм і катастрофу эканамісты і палітолягі прадказваюць беларусам вяртаньне ў 90-я. А мне з дыстанцыі гадоў усё больш здаецца, што стэрэатыпнае ўяўленьне пра нейкія нечуваныя пакуты 90-х у значнай ступені — міт. Асабіста мне ўспамінаюцца 90-я як надзвычайнае адчуваньне надзеі і чаканьне пераменаў да лепшага пасьля бясконца доўгіх дзесяцігодзьдзяў аўтарытарызму, які падаваўся безнадзейна трывалым. Так, у крамах зьнікала то адно, то другое. Але хлеб, малако і масла былі заўсёды, і ад голаду ніхто не паміраў. Так, свабодна купіць тэлевізар альбо лядоўню было немагчыма. Памятаю, на пачатку 1990-га мне ў краме «Радыётэхніка» выдалі нумарок чаргі на тэлевізар, у якім была чатырохзначная лічба. На маё пытаньне: «І калі ж гэта чарга можа надысьці?» стомленая прадавачка адказала: «Пацікаўцеся гады праз два, не раней».
А праз два гады, як аказалася, ня стала ні гэтай чаргі, ні ранейшай краіны, ні прэзыдэнта — абсалютна ўсё памянялася да непазнавальнасьці. І толькі гэты нумарок застаўся сярод старых рэчаў як напамін пра мінулае.
Прычым цяжка тады жылі ўсе наўкол — Польшча, Літва, Украіна, Расея. Гэта не выглядала як драма. Стары сьвет разбураўся, на ягоных абломках узьнікаў новы — больш свабодны і больш справядлівы. Адкрываліся межы, зьнікалі старыя бар’еры, узьнікалі новыя магчымасьці. Адбываліся зьмены ў лепшы бок. Наперадзе была надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка цягам адной хвіліны прызнаў і зьняпраўдзіў удзел Беларусі ў расейскай вайне супраць УкраіныСёньня надзею пакуль што цяжка разгледзець у смузе няпэўнай будучыні, але менавіта яна — тое, на што варта цяпер абапірацца беларусам. Недарэчна думаць пра тое, што два пажылыя 70-гадовыя дыктатары, разьвязаўшы вялікую вайну і супрацьпаставіўшы сябе ўсяму свабоднаму сьвету, маюць нейкі вялікі запас трываласьці. Акумулятарны зарад у гэтых дзьвюх дыктатур заканчваецца. І падсілкоўвацца ім няма адкуль. Хто іх падтрымлівае ў сьвеце? Эрытрэя, Паўночная Карэя ды Сырыя. З такім геапалітычным апірышчам можна разьлічваць на посьпех і на нейкую аптымістычную будучыню? Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Нават калі ім удасца яе перажыць і яны некаторы час пасьля яе будуць рабіць выгляд, што жывыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Саюз двух тапельцаў. Ці выратуе Расея беларускую эканоміку, калі і сама ідзе на дно?Нашэсьце выдыхнецца, захлынецца ў гэтай жорсткай схватцы, у якой аўтару крамлёўскай авантуры супрацьстаіць непахісная воля ўкраінцаў, памножаная на мала чым абмежаваную падтрымку цывілізаванага сьвету. Як гэта адбудзецца? Найбольш імаверна, што ў Масквы проста ня хопіць рэзэрваў. Ня стане «гарматнага мяса». Скончацца ракеты і снарады, пачнецца «снарадны голад», як у расейскай імпэрскай арміі ў 1915-м (можа, гэта будзе голад «ракетны» ці «танкавы», хто ведае, але ён здарыцца абавязкова, уся хада гэтай вайны пра тое сьведчаць) — і пакоціцца гэта армада назад на ўсход, залізваючы раны. І як ні ўзірайся ўдалячынь — у гэтых нечалавечых рэжымаў не праглядваецца ніякай сьветлай будучыні. Няма на што, няма на каго ім у той будучыні разьлічваць. Як ні хавай праўду, як ні адключай краіну ад сацсетак, як ні палохай усіх нязгодных вялізнымі турэмнымі тэрмінамі...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзеУ цені імпэрыі
Гісторыя — наравістая і непрадказальная паненка. Калі б у 2020-м мы нейкім цудам перамаглі і здабылі свабоду, калі б дыктатура тады была зрынутая, — зусім магчыма, сёньня расейскія эскадрыльлі бамбілі б ня толькі Кіеў і Харкаў, але і Магілёў і Віцебск, і Менск. Не было б палітвязьняў — але былі б разбомбленыя гарады і сотні тысяч уцекачоў. Ня хочацца нават параўноўваць і разважаць, што лепш, а што горш.
Вядома, крыўдна, што твой лёс вырашае хтосьці іншы. Але такая доля многіх маленькіх краін, якія існуюць у цені імпэрый. Ад беларусаў мала залежала тое, што станецца зь іх краінай пасьля крывавых войнаў і рэвалюцый пачатку ХХ стагодзьдзя. І пасьля Другой сусьветнай таксама. І ў 1991-м незалежнасьць фактычна ўпала нам у рукі, як сьпелы яблык. Можа, за тое і давялося плаціць потым амаль трыма дзесяцігодзьдзямі абсурднай дыктатуры.
І цяпер гісторыя рыхтуе нам нейкі іншы сцэнар. Ня той сьветлы, які мроіўся нам у жніўні 2020-га. Але і ня той змрочны, які так палохае цяпер, на тле папялішчаў і руінаў Марыюпаля, Харкава і Кіева. Вайна, вядома, зачапіла і апаліла нас. І ўсё ж гэта ня наша вайна. І ня нашы акопы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка адрэагаваў на ўтварэньне ва Ўкраіне беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага...Сын маіх знаёмых — маладзенькі лейтэнант, першы год пасьля вайсковага вучылішча. У падпарадкаваньні мае дзясятак амаль такіх жа маладых салдатаў тэрміновай службы. Сям’я знаёмых у сьлязах і ў жаху: сына зь ягонымі салдацікамі толькі што выправілі з-пад Віцебска на паўднёвую мяжу, кудысьці пад Берасьце. Выправілі сваім ходам, на сваёй тэхніцы. А тэхніка тая — савецкі грузавік «Урал» 70-х (!) гадоў выпуску. Ламаецца ледзь не праз кожныя 10 кілямэтраў. Другія суткі ў дарозе — а канца яшчэ не відаць. Бацькі радуюцца кожнай паломцы і кожнаму шматгадзіннаму прыпынку. Вельмі спадзяюцца на тое, што, пакуль даедзе да Берасьця, ужо і вайна скончыцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.