ЭЗ ухваліў чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі і вырашыў прыпыніць уступленьне Беларусі ў СГА

Сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны ў будынку Эўрапарлямэнту, 1 лютага 2022

Рада Эўразьвязу 15 сакавіка прыняла рашэньне ўвесьці чацьвёрты пакет эканамічных і індывідуальных санкцый супраць Расеі за яе ваенную агрэсію супраць Украіны.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк, асобна падчас сёньняшняга паседжаньня гаварылася пра саўдзельніцу Расеі Беларусь. Рада Эўразьвязу лічыць, што працэс уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю павінен быць прыпынены.

У сувязі з прынятым сёньня чацьвёртым пакетам санкцый Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у галіне замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў:

«Па меры таго, як вайна прэзыдэнта Пуціна супраць украінскага народу працягваецца, расьце і наша рашучасьць падтрымліваць Украіну і наносіць шкоду фінансаваньню ваеннай машыны Крамля. Гэты чацьвёрты пакет санкцый зьяўляецца яшчэ адным сур’ёзным ударам па эканамічнай і матэрыяльна-тэхнічнай базе, на якую абапіраецца Расея пры ўварваньні ва Ўкраіну. Мэта санкцый у тым, каб прэзыдэнт Пуцін спыніў гэтую бесчалавечную і бессэнсоўную вайну».

Новым пакеце вырашана:

  • забараніць усе ўгоды зь некаторымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі,
  • забараніць прадастаўленьне любых паслуг у ацэнцы крэдытаздольнасьці, а таксама доступ да любых паслуг па падпісцы ў дачыненьні да рэйтынгавай дзейнасьці любой расейскай фізычнай або юрыдычнай асобе,
  • пашырыць сьпіс асоб, зьвязаных з абаронна-прамысловай базай Расеі, на якіх накладаюцца больш жорсткія экспартныя абмежаваньні адносна тавараў і тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня, якія могуць садзейнічаць тэхналягічнаму ўдасканаленьню расейскага сэктару абароны і бясьпекі,
  • забараніць новыя інвэстыцыі ў расейскую энэргетыку, а таксама ўвесьці комплекснае абмежаваньне экспарту абсталяваньня, тэхналёгій і паслуг для энэргетычнай галіны,
  • увесьці дадатковыя гандлёвыя абмежаваньні ў адносінах да жалеза і сталі, а таксама прадметаў раскошы.

Акрамя таго, Рада вырашыла ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да ключавых алігархаў, лабістаў і прапагандыстаў, якія пашыраюць крамлёўскі наратыў аб сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама ключавых кампаній авіяцыйнай, ваеннай і двайнога прызначэньня, суднабудаваньня і машынабудаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Японія ўвяла санкцыі супраць пуцінскага сябра і пяці ягоных сваякоў

Апрача таго, Рада Эўразьвязу прыняла асобную заяву ў кантэксьце Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

У прыватнасьці, Рада дазволіла Эўракамісіі далучыцца ад імя ЭЗ да шматбаковай заявы аб агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы Беларусі, якая, як чакаецца, будзе зроблена ў справе Сусьветнага гандлёвай арганізацыі (СГА). Рада заявіла, што гатовая распачаць любыя дзеяньні ў падтрымку Ўкраіны або дзеяньні для прыпыненьні льготаў для Расеі, такіх як прыпыненьне рэжыму найбольшага спрыяньня ў гандлі.
У сёньняшнім рашэньні сказана:

«Акрамя таго, у сьвятле матэрыяльнай падтрымкі Беларусьсю дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ЭЗ лічыць, што працэс уступленьня Беларусі ў СГА павінен быць прыпынены».

Таксама Рада Эўразьвязу заявіла:

«Несправакаваная і неабгрунтаваная ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны груба парушае міжнароднае права і прынцыпы Статуту ААН і падрывае эўрапейскую і глябальную бясьпеку і стабільнасьць. Яна прычыняе невымоўныя пакуты ўкраінскаму народу. Расея і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасьць за гэтую агрэсіўную вайну, і вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці за свае злачынствы, у тым ліку за невыбарачныя напады на цывільнае насельніцтва і цывільныя аб’екты».