МЗС Японіі ўвёў санкцыі супраць 17 грамадзян РФ за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. У сьпіс увайшлі заснавальнік «Реновы» Вексельберг, сваякі Кавальчука і кіраўнік КПРФ Зюганаў.
Меры прадугледжваюць замарожваньне актываў на тэрыторыі краіны і забарону на правядзеньне зь імі фінансавых угод.
У сьпіс тых, каго датычацца абмежаваньні, увайшлі заснавальнік групы кампаній «Ренова» Віктар Вексельберг, пяць сваякоў бізнэсоўца Юрыя Кавальчука — Кірыл Кавальчук, Барыс Кавальчук, Кіра Кавальчук, Сьцяпан Кавальчук і Тацяна Кавальчук.
Блізкі сябар Пуціна Юры Кавальчук зьяўляецца бэнэфіцарам банку «Россия», у дачыненьні да якога Японія таксама ўвяла санкцыі.
Акрамя таго, у санкцыйны сьпіс увайшлі 11 дэпутатаў Дзярждумы ад КПРФ:
лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў;
першы намесьнік старшыні Дзярждумы Іван Мельнікаў;
першы намесьнік кіраўніка фракцыі КПРФ Мікалай Каламейцаў;
Юрый Афонін;
Яўгеній Бяссонаў;
Леанід Калашнікаў;
Уладзімір Кашын;
Аляксей Курынны;
Дзьмітрый Новікаў;
Мікалай Асадчы;
Казбек Тайсаеў.
Акрамя таго, міністар юстыцыі Японіі Ёсіхіса Фурукава паведаміў, што ўкраінскія ўцекачы, якія прыбываюць у краіну, зараз змогуць атрымаць візу не на тры месяцы, а на год, што дазволіць ім працаваць.
Японія ўвяла некалькі пакетаў санкцый адносна Расеі, адзін з апошніх — 8 сакавіка. У яго трапілі 20 расейскіх грамадзян, у тым ліку прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Кірыенка, бізнэсоўцы Барыс Ротэнберг, Яўгеній Прыгожын, Алішэр Усманаў і іншыя.
Акрамя таго, Японія ўвяла забарону на экспарт у Расею нафтаперапрацоўчага абсталяваньня.
Раней Токіё ўключыла ў санкцыйны сьпіс прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, намесьніка кіраўніка Савета бясьпекі Дзьмітрыя Мядзьведзева, кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова і іншых.
Апрача таго, Японія забараніла пастаўкі тавараў 49 расейскім кампаніям і інстытутам. Мера закранула прадпрыемствы суднабудаўнічай і авіябудаўнічай галін.
Санкцыі супраць Расеі ўвялі ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Аўстралія, Швайцарыя і краіны Эўразьвязу. Абмежаваньні закранулі шэраг расейскіх банкаў, дзяржаўных кампаній і прадстаўнікоў улады ў адказ на ваенную агрэсію Расеі.