Абласная рада Херсонскай вобласьці выступіла супраць навязанага расейцамі рэфэрэндуму аб незалежнасьці «ХНР»

Мітынг за Ўкраіну ў акупаваным Херсоне. 5 сакавіка 2022

Украіна заяўляе, што Расея плянуе правесьці «фіктыўны рэфэрэндум» аб незалежнасьці ў акупаваным Херсоне і вобласьці.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба асудзіў пляны акупацыйных сіл правесьці ў Херсоне псэўдарэфэрэндум аб стварэньні так званай «Херсонскай Народнай Рэспублікі». Такую ж пазыцыю выказаў выказаў і мэр Херсона Ігар Калыхаеў.

Кулеба адзначыў, калі гэтыя пляны будуць рэалізаваныя, то супраць Расеі павінны быць уведзены жорсткія санкцыі.

«Паводле мэтадычкі 2014 году Расея адчайна спрабуе правесьці ў Херсоне фіктыўны „рэфэрэндум“ за „народную рэспубліку“. Падтрымка сярод людзей нулявая, так што гэта поўная выдумка. Калі гэтыя пляны будуць рэалізаваныя, супраць Расеі павінны быць уведзены жорсткія санкцыі. Херсон ёсьць і заўсёды будзе Ўкраінай», — напісаў Кулеба ў твітэры 12 сакавіка.

Раней дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў, што акупацыйныя войскі рыхтуюцца да правядзеньня ў Херсоне псэўдарэфэрэндуму па стварэньні так званай «ХНР» і патэлефанаваў дэпутатам Херсонскага абласной рады з пытаньнем, ці гатовыя яны да супрацоўніцтва.

Пазьней іншы дэпутат абласной рады Сяргей Рыбалка паведаміў, што рада правяла экстранае онлайн-пасяджэньне ў рэжыме Zoom і «44 галасамі ўхваліла зварот аб тым, што Херсоншчына — гэта Ўкраіна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Генічэску на Херсоншчыне пратэставалі супраць расейскай акупацыі. ФОТА

Мэр Херсону Ігар Калыхаеў апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку заяву, у якой падтрымаў пазыцыю Херсонскай рады наконт аб правядзеньні расейскімі сіламі так званага «рэферэндуму» аб стварэньні «Херсонскай народнай рэспублікі».

«Дэпутаты Херсонскай вобласьці ніколі не прызнаюць спробы стварэньня ў Херсонскай вобласьці «народнай рэспублікі» і захопу часткі Ўкраіны. У нас ёсьць адзіны адказ акупантам: «Рускі ваенны карабель, ідзі на...», – сказаў ён.

Калыхаеў дадаў, што, паводле распаўсюджанай інфармацыі, так званы «рэфэрэндум» прызначаны на 13 сакавіка.

«Я, мэр Херсону Ігар Калыхаеў, і дэпутацкі корпус Херсонскага гарсавета далучаюся да калег і падкрэсьліваю: Херсон быў, ёсьць і застанецца тэрыторыяй Украіны!» — падкрэсьліў мэр абласнога цэнтру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары захопленага расейцамі Мелітопаля выйшлі на пратэст супраць акупацыі, яны спалілі ляльку-Пуціна

Раніцай 13 сакавіка падчас тэлемаратону Калыхаеў адзначыў, што ў Херсоне ёсьць праблемы з харчамі і лекамі. Улады гораду спрабуюць запусьціць вытворчасьць і вядуць перамовы з уладальнікамі аптэчных сетак, аб’екты якіх знаходзяцца ў горадзе, аб іх адкрыцьці.

Расейскія войскі пачалі штурм Херсона 1 сакавіка, абстрэльваючы шматпавярховікі, паведамлялі мясцовыя ўлады. Неўзабаве акупанты ўвайшлі ў мясцовую аблдзяржадміністрацыю (цяпер абласная ваенная адміністрацыя), але яе кіраўнік Генадзь Лагута заявіў, што абласная адміністрацыя не пакідае сваіх абавязкаў.

У Херсоне праходзяць шматлюдныя акцыі з украінскай сымболікай, дзе мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць акупацыйнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайскоўцы РФ пачалі паводле сьпісаў затрымліваць актывістаў, журналістаў і былых сілавікоў у Хэрсоне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.