Вашынгтон абвінаваціў Маскву ў парушэньні прынцыпаў ядзернай бясьпекі падчас вайны ва Ўкраіне
Расейскі вайсковае на Чарнобыльскай АЭС, 26 лютага
Злучаныя Штаты абвінавацілі Расею ў парушэньні прынцыпаў ядзернай бясьпекі ва Украіне і запатрабавалі ад расейскіх войскаў спыніць абстрэл атамных электрастанцый.
Кіраўніца міністэрства энэргетыкі ЗША Джэніфер Грэнхольм заявіла, што сыстэмы радыяцыйнага кантролю пакуль функцыянуюць на большай частцы тэрыторыі Ўкраіны, аднак Злучаныя Штаты занепакоеныя недахопам дадзеных радыяцыйнага кантролю з Чарнобыльскай АЭС, а таксама Запароскай атамнай электрастанцыі, якая зьяўляецца найбуйнейшай у Эўропе.
Абодва аб’екты цяпер знаходзяцца пад кантролем расейскіх войскаў, але эксплюатуюцца ўкраінскім пэрсаналам ва ўмовах, якія, на думку Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі, пагражаюць бясьпецы абʼектаў.
«Мы па-ранейшаму занепакоеныя безразважнымі дзеяньнямі Расіі і парушэньнямі прынцыпаў ядзернай бясьпекі», — сказала Грэнхольм.
«Мы адсочваем паведамленьні аб пашкоджаньні дасьледчага абʼекта ў Харкаве. У кароткатэрміновай пэрспектыве пагроза бясьпецы невялікая, але расейскія абстрэлы ядзерных абʼектаў, якія працягваюцца, павінны спыніцца», — сказала яна.
Грэнхольм таксама дадала, што ЗША ня могуць пацьвердзіць інфармацыю аб аднаўленьні электразабесьпячэньня на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, што ў чацьвер Мінэнерга Расеі паведаміла, што беларускія спэцыялісты нібыта аднавілі электразабесьпячэньне закрытай у 2001 годзе Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
У цяперашні час Украіна і яе саюзьнікі занепакоеныя рызыкамі, якія ўварваньне Расеі ўяўляе для ядзерных абʼектаў па ўсёй краіне, уключаючы электрастанцыі і дасьледчыя цэнтры.
Кіраўнік цэнтра ядзерных дасьледаваньняў у Харкаве заявіў, што тэрыторыя абʼекта пацярпела ад расейскіх снарадаў падчас нядаўніх баёў, але актыўная зона, у якой знаходзіцца ядзернае паліва, засталася некранутай.