Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка: На Чарнобыльскую АЭС пад выглядам «беларускіх спэцыялістаў» заходзяць расейскія дывэрсанты


Чарнобыльская АЭС 25 лютага 2022 году
Чарнобыльская АЭС 25 лютага 2022 году

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра намер Расеі справакаваць новую тэхнагенную катастрофу на захопленай расейскімі войскамі Чарнобыльскай АЭС і ўскласьці адказнасьць за гэта на ўкраінскую ўладу.

«Цяпер ЧАЭС цалкам адключаная ад сыстэм маніторынгу Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ). Станцыя абясточаная. Тэрмін службы наяўных дызэль-генэратараў разьлічаны на 48 гадзін абслугоўваньня сыстэм бясьпекі.

Расейцы адмовіліся даць доступ на станцыю ўкраінскім рамонтнікам. Замест гэтага па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі туды зайшлі «беларускія спэцыялісты». Сярод іх пад выглядам атамнікаў заходзяць і расейскія дывэрсанты, якія рыхтуюць тэракт», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.

Паводле ўкраінскіх выведнікаў, для імітацыі датычнасьці ўкраінскіх вайскоўцаў да аварыі на Чарнобыльскай АЭС акупанты спрабуюць стварыць фальшывыя «доказы». «У прыватнасьці, ля аэрапорту «Антонаў» у Гастомелі заўважылі расейскія аўтамабільныя рэфрыжэратары, у якія зьбіралі целы загінулых украінскіх абаронцаў. Ёсьць імавернасьць, што іх прадставяць як дывэрсантаў, забітых у Чарнобыльскай зоне».

«Не атрымаўшы жаданага выніку ад наземнай ваеннай апэрацыі і прамых перамоваў, Пуцін гатовы пайсьці на ядзерны шантаж усясьветнай супольнасьці дзеля саступак у падтрымцы Ўкраіны», — заявілі ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС 24 лютага. Увесь гэты час станцыю абслугоўвае адна зьмена, якая выйшла на працу напярэдадні. Расейцы не дазваляюць правесьці ратацыю пэрсаналу.

9 сакавіка стала вядома аб пашкоджаньні высакавольтнай лініі электраперадач, якая забясьпечвала энэргіяй усе ядзерныя аб’екты Чарнобыльскай АЭС, зоны адчужэньня і гораду Славуціча.

Расейскія войскі адмовілі ў арганізацыі «зялёнага» калідора для рамонтнай брыгады. Урэшце атамнікі вымушаныя былі ўключыць дызэль-генэратары для падтрымкі ўсіх сыстэм бясьпекі Чарнобыльскай АЭС. Але паліва ў іх хопіць толькі на 48 гадзін.

10 сакавіка Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што ўвяло напругу на электралінію «Мазыр — Чарнобыльская АЭС», каб забясьпечыць станцыю электрычнасьцю. У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» назвалі гэта правакацыяй і зноў запатрабавалі адкрыць «зялёны» калідор для ўкраінскіх спэцыялістаў. Адначасова ва Ўкраіне заявілі, што падача электраэнэргіі зь Беларусі немагчымая, бо ўкраінская энэргасыстэма ўжо адключаная ад беларускай і расейскай энэргасыстэм ад пачатку агрэсіі Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG