Мэр Славуціча Юры Фамічоў заявіў, што расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС, ужо 10 дзён трымаюць у закладніках пэрсанал, які выйшаў на зьмену 24 лютага.
У сваю чаргу выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерый Сейда адзначыў, што цяпер немагчыма арганізаваць ратацыю пэрсаналу.
«Мы ня можам гарантаваць бясьпеку, бо ўсе ж разумеюць, што маршрут праходзіць церазь лінію фронту», — дадаў ён.
Валерый Сейда сказаў, што пэрсанал забясьпечаны прадуктамі харчаваньня і мэдычнай дапамогай, але не хапае хлеба.
Пад кантролем расейскіх акупацыйных войскаў закрытая Чарнобыльская АЭС застаецца з 24 лютага. Расейскія войскі таксама захапілі пляцоўку Запароскай АЭС.
Чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС узарваўся ў красавіку 1986 году падчас няўдалага тэсту, у выніку чаго радыяактыўныя аблокі пранесьліся над большай часткай Эўропы і дасягнулі ўсходу ЗША.