ЧАЭС цалкам абясточаная пасьля захопу расейскімі войскамі. Ці ёсьць небясьпека для Беларусі

Чарнобыльская АЭС і запіска в.а генэральнага дырэктара Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Валерыя Сейды

На дзьвюх захопленых расейцамі атамных электрастанцыях, у Чарнобылі і Энэргадары, застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.

Нацыянальная кампанія «Укренерго» паведаміла, што ў выніку пашкоджаньня расейскімі войскамі высакавольтнай лініі, якая забясьпечвала электраэнэргіяй аварыйную Чарнобыльскую АЭС, зону адчужэньня і горад Славуціч, немагчыма кантраляваць парамэтры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі ў рэгіёне.

Цяпер у адным са сховішчаў захоўваецца каля 20 тысяч зборак з адпрацаваным ядзерным палівам. Гэтыя зборкі патрабуюць пастаяннага ахалоджваньня, якое магчымае толькі пры наяўнасьці электрычнасьці. Калі лінію не адновяць, можа павялічыцца тэмпэратура, пачнецца параваньне, і радыяактыўныя рэчывы трапяць у паветра. Вецер можа перанесьці радыяактыўную хмару ў іншыя рэгіёны Ўкраіны, у Беларусь, Расею і эўрапейскія краіны.

Апроч таго, не працуе і вэнтыляцыя, у выніку чаго ўвесь пэрсанал, які знаходзіцца на ЧАЭС, атрымае небясьпечную дозу апраменьваньня.

Не функцыянуе і сыстэма пажаратушэньня, і гэта, як падкрэсьлілі ў кампаніі «Укренерго», — вялізная рызыка пажару, які можа пачацца пры абстрэле.

Цяпер на пляцоўцы Чарнобыльскай АЭС уключылі аварыйныя дызэль-генэратары для забесьпячэньня дзейнасьці сыстэмаў, неабходных для бясьпекі.

«Пры ўмове іхнай спраўнай працы запасу дызэльнага паліва на генэратарах хопіць на 48 гадзін», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

Расейскія вайскоўцы не дазволілі ўкраінскай рамонтнай брыгадзе выехаць на аднаўленьне электралініі ЧАЭС

Украінская рамонтная брыгада спрабавала выехаць да пашкоджанай лініі электраперадач, каб аднавіць энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС і іншых ядзерных аб’ектаў у зоне адчужэньня.

У кампаніі «Укренерго» журналістам Радыё Свабода паведамілі, што правесьці рамонт не змаглі празь няспынныя абстрэлы і запалохваньні з боку расейскіх вайскоўцаў.

Журналісты апублікавалі запіску выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерыя Сейды аб тым, што на рамонт ёсьць толькі 48 гадзін. Пасьля гэтага кантроль над ядзернымі аб’ектамі будзе страчаны.

«Паводле інфармацыі дыспэтчарскага цэнтру, прычынай абясточваньня стаў абрыў лініі электраперадач, месца абрыву невядомае. Для аднаўленьня электразабесьпячэньня неабходна тэрмінова даць калідоры для рамонтных брыгад», — адзначае кіраўнік ЧАЭС у сваёй запісцы.

ЧАЭС падключаць да рэзэрвовых генэратараў

Чарнобыльскую АЭС падключаць да рэзэрвовых дызэль-генэратараў, яны забясьпечаць сілкаваньне станцыі і ўсіх аб’ектаў на 48 гадзін. Пасьля гэтага адключыцца сыстэма ахаладжэньня адпрацаванага ядзернага паліва, што можа прывесьці да ўцечкі радыяцыі, заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЧАЭС цалкам абясточаная. Што адбываецца на ўкраінскіх атамных станцыях, акупаваных расейскімі войскамі

«Укренерго»: Чарнобыльская АЭС цалкам абясточаная

«Баявыя дзеяньні працягваюцца, што зараз робіць немагчымымі рамонтныя працы і аднаўленьне энергасілкаваньня. „Укренерго“ маніторыць сытуацыю і будзе інфармаваць пра ўсе зьмены», — гаворыцца ў паведамленьні «Укренерго». Абясточаны таксама горад Славуціч.

Закрытая пасьля аварыі 1986 году ЧАЭС знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

Нацыянальная кампанія «Укренерго» раней заявіла, што на дзьвюх захопленых атамных электрастанцыях, у Чарнобылі і Энэргадары, застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.

Запароская АЭС

Паводле інфармацыі кампаніі, на тэрыторыі Запароскай АЭС у Энэргадары знаходзіцца 50 адзінак вайсковай тэхнікі, каля 400 вайскоўцаў, а таксама шмат выбухоўкі і зброі.

«І хоць на ўсіх шасьці энэргаблёках АЭС працуе наш пэрсанал, усе тэхнічныя пытаньні кіраўніцтва станцыі вымушана ўзгадняць з акупантамі», — паведамілі ў «Укренерго».

Паводле інфармацыі кампаніі «Укренерго», супрацоўнікі станцыі знаходзяцца пад моцным псыхалягічным ціскам расейцаў, якія чакалі, што іх «сустрэнуць на станцыі з радасьцю, але ўкраінцы супраціўляліся, адмаўляючыся супрацоўнічаць з захопнікамі, і не хавалі сваёй адкрытай варожасьці да іх».

У кампаніі таксама адзначылі, што напярэдадні расейскія журналісты спрабавалі запісаць пазытыўныя інтэрвію з пэрсаналам, каб выкарыстаць іх у прапагандзе. Але прадстаўнікі станцыі адмовіліся.

«Усё гэта нэгатыўна ўплывае на працу і ставіць пад пагрозу ядзерную і радыяцыйную бясьпеку. Аварыя можа адбыцца ў любое імгненьне, а яе наступствы непрагназаваныя».

Цяпер з шасьці блёкаў Запароскай АЭС працуюць толькі два.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генпракурор Нямеччыны пачаў расьследаваньне ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне

Чарнобыльская АЭС

На Чарнобыльскай АЭС дагэтуль без ратацыі працуе пэрсанал, які выйшаў на зьмену 24 лютага, калі Расея пачала вайну з Украінай.

Украінскія ўлады папрасілі Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) дапамагчы забясьпечыць ратацыю пэрсаналу Чарнобыльскай АЭС. Вядзецца пра 210 спэцыялістаў, паведамляецца на сайце МАГАТЭ.

У пэрсаналу ЧАЭС абмежаваны доступ да ежы, вады і лекаў. Сувязь зь імі захавалася толькі праз электронную пошту. Праца зь ядзернымі матэрыяламі на станцыі пакуль прыпыненая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МАГАТЭ страціла сувязь з інфармацыйнай сыстэмай ЧАЭС. Украіна просіць дапамагчы з ратацыяй пэрсаналу

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Парашэнка пра дзеяньні Лукашэнкі: «Зь Беларусі праз Чарнобыль подла ўдарылі ў сьпіну»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.