Разбурэньні жылых дамоў у выніку расейскіх удараў у Мікалаеве 7 сакавіка 2022 году
Расьследаваньне тычыцца паведамленьняў аб прымяненьні касэтных бомбаў, ударах па жылых кварталах і грамадзянскай інфраструктуры.
Гэнэральны пракурор Нямеччыны Петэр Франк пачаў расьследаваньне ваенных злачынстваў Расеі, учыненых ва Украіне. Пра гэта піша Spiegel.
Расьследаваньне тычыцца паведамленьняў аб прымяненьні касэтных бомбаў, ударах па жылых кварталах і грамадзянскай інфраструктуры, газаправодах, месцах захаваньня ядзерных адходаў і цеплавых электрастанцыях.
Сьледчыя таксама будуць засяроджвацца на паведамленьнях аб мэтавых сьпісах расейскіх і чачэнскіх падразьдзяленьняў, дыслякаваных ва Ўкраіне.
Паводле зьвестак, у сьпісах ёсьць імёны ўкраінскіх палітыкаў, якіх плянуюць забіць. На мінулым тыдні прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ён зьяўляецца «мішэньню нумар адзін» для гэтых падразьдзяленьняў.
У Нямеччыне фэдэральны пракурор можа перасьледаваць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ва ўсім сьвеце. Раней дзеяньні сьледчых з Карлсруэ прывялі да гістарычнага рашэньня па справе аб катаваньнях сірыйскім рэжымам Асада.
Таксама Гэнпракуратура Гішпаніі вырашыла пачаць дасьледчую праверку ў сувязі з «дзеяньнямі расейскага войска» ва Ўкраіне.
Нагадаем, 7 сакавіка ў Міжнародным судзе ААН пачаліся слуханьні па пазове Украіны супраць Расеі ў абвінавачаньні ў генацыдзе.