Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо амаль два тыдні працуюць на станцыі, украінскі аб’ект захапілі расейскія войскі на пачатку вайны, піша AFP.
Украінскія ўлады папрасілі Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) дапамагчы забясьпечыць ратацыю пэрсаналу Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 24 лютага Чарнобыльскую АЭС захапілі расейскія войскі. Ад таго часу на станцыі дзяжурыць адна і тая ж зьмена з 210 чалавек, сярод якіх тэхнічныя спэцыялісты і ахоўнікі, гаворыцца ў паведамленьні на сайце МАГАТЭ.
Украінскі рэгулятар у сфэры атамнай энэргіі заявіў, што супрацоўнікі фактычна жывуць на станцыі з пачатку вайны, працуюць, падзяліўшыся на групы і зьмяняючы адзін аднаго. У іх абмежаваны доступ да ежы, вады і лекаў. Сувязь зь імі захавалася толькі праз электронную пошту. Праца зь ядзернымі матэрыяламі на станцыі пакуль прыпыненая, заявіў украінскі рэгулятар.
Улады Ўкраіны просяць МАГАТЭ ўзначаліць міжнародную падтрымку, неабходную для падрыхтоўкі пляну замены цяперашняга пэрсаналу і забесьпячэньня станцыі эфэктыўнай сыстэмай ратацыі.
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі «сказаў пра страту дыстанцыйнай перадачы дадзеных ад сыстэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
«Агенцтва вывучае стан сыстэм маніторынгу гарантый бясьпекі ў іншых месцах Украіны і неўзабаве прадставіць дадатковую інфармацыю».
МАГАТЭ выкарыстоўвае тэрмін «гарантыі» для апісаньня тэхнічных захадаў, якія яно прымяняе да ядзерных матэрыялаў і дзейнасьці з мэтай стрымліваньня распаўсюджваньня ядзернай зброі шляхам раньняга выяўленьня незаконнага выкарыстаньня такога матэрыялу.
Непрацоўная станцыя знаходзіцца ў зоне адчужэньня, у якой разьмяшчаюцца выведзеныя з эксплюатацыі рэактары, а таксама радыяактыўныя адкіды. Больш за 200 супрацоўнікаў па-ранейшаму працуюць на станцыі, паколькі яна патрабуе пастаяннага кіраўніцтва, каб прадухіліць чарговую ядзерную катастрофу.
Агенцтва ААН заклікала Расею дазволіць работнікам зьмяняцца, бо адпачынак і рэгулярныя зьмены маюць вырашальнае значэньне для бясьпекі аб’екту.
24 лютага Расея ўварвалася ва Ўкраіну і захапіла Чарнобыльскую АЭС, месца буйной атамнай катастрофы 1986 году, у выніку якой загінулі сотні людзей, у сотняў тысяч непапраўна пагоршылася здароўе, а радыяактыўнае забруджваньне распаўсюдзілася на захад па ўсёй Эўропе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў