«Калі ўкраінцы разумеюць, што ты не лукашыст, то ставяцца добра». Як беларусы дапамагаюць Украіне

Спусьцелыя вуліцы Кіева 28 лютага

Многія беларусы, якія ўцяклі ў выніку перасьледу зь Беларусі ва Ўкраіну, засталіся там і дапамагаюць супрацьстаяць расейскім нападнікам. Хтосьці ўступіў у тэрытарыяльную абарону. Іншыя здаюць кроў, дапамагаюць грашыма, вядуць «інфармацыйную вайну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Харкаў і Кіеў пад ракетнымі ўдарамі, Херсон у аблозе. Хроніка вайны Расеі супраць Украіны і рэакцыі ў сьвеце 1 сакавіка

«Я ўжо зьбег з сваёй краіны — дык колькі можна бегаць?»

27-гадовы Яўген Міхасюк пасьля рэпрэсій у Беларусі выехаў ва Ўкраіну. Жыве тут паўтара года, мае часовы дазвол на жыхарства. Ён уступіў у тэрытарыяльную абарону. Кажа, каб дапамагчы ўкраінцам і паказаць, што ня ўсе беларусы «паслухмяныя і рахманыя».

«У войска трапіць, вядома, складана. Могуць узяць тых, хто ўжо служыў там у 2014–2015 гадах, зарэкамэндаваў сябе. У тэрытарыяльную абарону таксама ня ўсіх бяруць. Я ня зьехаў з Кіева, бо я ўжо зьбег з сваёй краіны, дык колькі можна бегаць?», — патлумачыў Яўген.

Цяпер ён праходзіць навучаньне і падрыхтоўку.

«Такое ёсьць стаўленьне да беларусаў — нэгатыўнае. Бо Беларусь — краіна-агрэсар. Але калі ўкраінцы разумеюць, што ты не сэпаратыст, не лукашыст, то ставяцца добра. Да мяне адносіны нармальныя», — кажа беларус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я стаў больш вольным». Як беларус абараняе Ўкраіну

«Па маіх перакананьнях бегчы — амаральна, калі можна тут дапамагаць»

Людміла ўцякла ва Ўкраіну пасьля крымінальнага перасьледу за «палітыку». Жыве ў Чарнігаве. Цяпер яго бамбяць. Ужо разьбітыя мэдычныя будынкі, тэатар, дзіцячыя садкі. Горад у аблозе.

Чарнігаў пасьля расейскіх абстрэлаў 28 лютага

«Ну куды мне бегчы. Я лічу гэта амаральным. Гэта практычна мая Радзіма. Тут трэба дапамога. Хаця б кроў здаць, завалы разьбіраць. Украінцы — як адзін кулак. Яны моцна арганізаваныя, матываваныя. Каардынуецца дапамога. Пішуць — трэба ежа, лекі, аўтамабілі, усе адразу адгукаюцца. Я таксама сабрала ўсе лекі і аднесла на дапамогу», — кажа Людміла.

Яна не бачыла нэгатыўнага стаўленьня да сябе як беларускі.

«Хлеба можа ня быць у краме, то людзі арганізавана недзе закупляюць і разносяць па кватэрах. Тут нават бабулькі з кійкамі кажуць, што нікуды не паедуць, бо гэта іх зямля. Мае каты ўжо не палохаюцца абстрэлаў — прызвычаіліся. Раней мітусіліся, цяпер пад абстрэламі сьпяць», — дадала Людміла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чаго ты ў Расею не паехаў, ты ж Пуціна любіш?» Як за пяць дзён вайны зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў

«Пішам нястомна пра сытуацыю, каб людзі нарэшце прачнуліся»

Аляксандра зь Беларусі і яе муж Арцём сьвядома засталіся ў Кіеве.

«Мы сваю краіну страцілі, другую сваю Радзіму я ня страчу. Я веру ў перамогу Ўкраіны. Мы перайменавалі суполку ў тэлеграме і вядзём там „інфармацыйную вайну“ — пішам як пра актуальную сытуацыю ва Ўкраіне, так і пра падзеі ў Беларусі. Мы даводзім людзям, што беларусы — ня ворагі. Агрэсар — Лукашэнка і яго паплечнікі. Агучваем сваю пазыцыю. Іншыя беларусы пайшлі хто ў валянтэры, хто дапамагае ўзводзіць абарончыя збудаваньні — Арцём таксама хадзіў, дапамагаў. Ён хоча ўступіць у тэрытарыяльную абарону, але пакуль сказалі, што няма амуніцыі», — кажа Аляксандра.

Аляксандра кажа, што бадзёрасьці духу яны не страцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларус з Харкава: Землякі, не ідзіце сюды, бо многія ня вернуцца дадому

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.