«Неба мае барвовы колер». Занатоўкі зь лініі фронту літаратара Сяргея Прылуцкага

Разьбітая калёна расейскіх войскаў непадалёк ад Бучы, 28 лютага 2022 году

Беларускі празаік і паэт Сяргей Прылуцкі з жонкай, украінскай паэткай Аленай Сьцепаненкай, і сынам жывуць у Бучы каля Кіева, у мясцовасьці, дзе ў апошнія дні ішлі жорсткія і крывавыя баі ўкраінскіх войскаў з расейскімі захопнікамі.

Пісьменьнік прыслаў Свабодзе свой тэкст пра вайну, убачаную ўласнымі вачыма, дапісаўшы да яго: «Прывітаньне. Можа прыдасца тэкст для Свабоды. Нэту ў нас зараз няма. Прабіваецца час ад часу на хвілінку. З намі ўсё ок».

Буча. Першыя дні вайны

У першыя дні не было нават думкі нешта занатоўваць. Жыцьцё яшчэ ішло па інэрцыі, сын бегаў і сьмяяўся (як зрэшты, і зараз, толькі падчас выбухаў кажа „бух!“ і бяжыць хавацца ў ванну), інтэрнэт працаваў. Праўда, усё гэта пад выбухі спачатку ў іншых гарадах, а потым і пад тваім домам. Вораг наступае, на кухні ляжыць недарэзаная каўбаса, а ты выскокваеш усёй сям’ёй у двор з «амаль трывожнымі» заплечнікамі. На ганку суседзі стаяць і назіраюць, як палае аэрапорт, захапіць які для маскалёў стратэгічна важна. Нехта сьпешна пакуе рэчы ў машыну.

Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днястровы

Мы бяжым у бамбасховішча, падбіраючы па дарозе сяброўку зь дзецьмі. Сховішча — звычайны падвал савецкай пяціпавярхоўкі. Абсалютна ніяк не прыстасаваны для таго, каб начаваць. У суседнім будынку ўсё нашмат лепш, бо пабудаваны нядаўна. Адно з памяшканьняў — крама з тканінамі. Уражаньне такое, што ня ўсе да канца разумеюць, што насамрэч адбылося. Выглядае, як нейкі сюр: прадмесьце сталіцы атакуюць? Але з аэрапорту валіць дым, лятаюць над дахамі самалёты і верталёты.

Зноў выбухі, стрэлы. Хто мае куды зьехаць, з торбамі і дзецьмі сядаюць у машыны або ідуць пешкі да трасы. Потым гэта стане немагчыма, калі ты, вядома, не гатовы рызыкнуць жыцьцём і прарвацца праз «гарачую» трасу, на якой час ад часу ідуць баі і праяжджаюць вайсковыя калёны расіян.

Карацей, навокал паніка. Усе бягуць, выбягаюць, забягаюць, стаяць у шоку. Людзям страшна за дзяцей, за сябе, за родных. І толькі нейкі мужык на верхнім паверсе пяціпавярхоўкі флегматычна курыць на бальконе і, абапёршыся на локці, назірае, як разгараецца пажар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Кажуць, што вось цяпер у нас высадзіўся дэсант», — беларускі пісьменьнік, які жыве пад Кіевам

Нягледзячы на зьнішчаны там, на даляглядзе, аэрапорт — у горадзе нашым вайны яшчэ як такой не было. Але атмасфэра ўжо адчувалася на ўсю моц.

Выйшаў увечары ў супэрмаркет. Паўпустыя паліцы з мукой і крупамі. Хлеба няма: сумны мужчына ідзе з адзінокім лавашом у руцэ да касы. Падпіты вясёлы гопнік кажа ўсхвалявана касірцы, беручы пяць джын-тонікаў і семкі: «Оце пиздець, конєшно! Оце їбанутись! Хто таке ждав? Я таке не ждав!».

На вуліцах ужо нашы вайскоўцы і тэрабарона. Шостая вечара, ідзеш паўз парк, дзе звычайна ў гэты час купа народу, а там ні душы. Праходзіш міма кіёску, дзе пастаянна купляеш цыгарэты. Заўтра тут разбамбяць расейскую калёну. Адзін са снарадаў упадзе побач з кіёскам, раскурочыўшы бляшаны плот.

Урэшце рэшт начуем у сяброў у іншым канцы гораду. Праверылі на сабе закон, які чамусьці не праходзяць у школе: што чалавек можа звыкнуць да многага. На другі-трэці дзень мы звыклі да выбухаў і гукаў артылерыі. Што будзе далей, нават праз гадзіну, ніхто ня ведае.

У будынку пад аэрапортам засталіся сябры. Спачатку там вырубілі газ. Потым ваду са сьвятлом. Сувязь зь імі ў нас страцілася на пяты дзень вайны, кантакту няма нават праз смс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Харкаў і Кіеў пад ракетнымі ўдарамі, Херсон у аблозе. Хроніка вайны Расеі супраць Украіны і рэакцыі ў сьвеце 1 сакавіка

Мозак вельмі хутка ўключаецца ў рэаліі. Сын у пустым двары залез на горку, калашмаціць па ёй ботамі з гучным рэхам. Першая думка: гучыць, як стрэлы.

Вайна вучыць быць кансэрватарам: слухаць радыё (бо тэлевізар амаль двое содняў паказваў толькі «сьнег»), пячы хлеб (бо ў краме даўно разабралі і больш ня будзе), жадаць сьмерці марадэрам.

На шосты дзень вайны на вуліцы да групы людзей падыходзіць дзядуля: «В мене є вино та шампанське. Можете поміняти на пачку цукру?» Інтэрнэту няма, таму ад банкаўскіх картак ніякай карысьці. Банкаматаў з грашыма ў ваколіцах няма. Крама з рэшткамі запасаў прымае толькі наяўныя. Між будынкамі праехаў бусік, людзям раздалі дзіцячае харчаваньне, нешта яшчэ першай неабходнасьці. У кагосьці ў вачах яшчэ той страх, як у першы дзень. Нехта прызвычаіўся і ўсе гэтыя дні па даўно заведзеным графіку выгульвае свайго сабачку.

Уначы неба мае барвовы колер ад навакольных пажараў пасьля таго, як нашы расфігачылі расейскія калёны. Ва ўсіх вокнах цёмна. Пэрыядычна, дзень і ноч, то здалёк, то паблізу гучыць арта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мэта Пуціна — акупацыя ўсёй нашай дзяржавы», — украінскі паэт, перакладнік беларускай літаратуры з Кіева

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.