У МУС паведамілі пра амаль 800 затрыманых пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі
Пратэст супраць расейскай агрэсіі ў Менску 27 лютага 2022
Сілавікі напісалі, што затрыманьні адбываліся за «парушэньне грамадзкага парадку».
Лякальныя акцыі пратэсту супраць расійскага ўварваньня ва Украіну прайшлі 27 лютага ў розных раёнах Менска і ў іншых гарадах Беларусі. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі.
Напярэдадні дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская заклікала суграмадзян да 14 гадзін прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і «актыўна выказаць пратэст супраць вайны».
Усваім паведамленьні МУС напісаў, што «нягледзячы на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, масавымі пратэставыя акцыі не атрымаліся». Там нагадалі, што заведзены крымінальныя справы паводле артыкулу 342 КК за грубае парушэньне грамадзкага парадку і арганізацыю масавых несанкцыянаваных акцый і нібыта затрымалі датычных да гэтага людзей.
Пры гэтым зьместу ці сэнсу заклікаў тэлеграм-канал МУС не апублікаваў.
Агулам за дзень затрымалі каля 800 чалавек, дзеяньням якіх дадуць «прававую ацэнку». Сілавікі паведамляюць, што сярод затрыманых ёсьць людзі, якіх прыцягвалі да адказнасьці раней за «аналягічныя парушэньні».
Праваабаронцы знаюць на гэты момант 530 прозьвішчаў затрыманых на акцыях.
«Не — вайне!», «Слава Ўкраіне!» Як беларусы пратэставалі ў дзень рэфэрэндуму. ФОТА
Таксама сілавікі шукаюць людзей, якія падавалі гукавыя сыгналы са сваіх аўтамабіляў у знак салідарнасьці з пратэстоўцамі. Яны падзякавалі «законапаслухмяным грамадзянам», якія дапамагалі ім «у забесьпячэньні грамадзкага парадку».