Тэлефанаваньне прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона Аляксандру Лукашэнку стала пэўнай нечаканасьцю. Бо ў міжнароднай супольнасьці (ня толькі ў краінах Захаду) склалася ўтойлівае ўяўленьне, што Лукашэнка – гэта расейская марыянетка, васал Масквы, што ён несамастойны. Таму няма неабходнасьці зь ім аб чымсьці размаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Францыі: Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць УкраіныСьвет разглядае Беларусь як саўдзельніцу расейскай агрэсіі супраць Украіны. У заявах замежных палітыкаў РФ і Беларусь узгадваюцца праз коску, іх ставяць у адзін шэраг. І санкцыі супраць афіцыйнага Менску ўводзяцца таксама усьлед за санкцыямі супраць Масквы.
І тут раптам гэтае тэлефанаваньне. Яго ў значнай ступені можна патлумачыць асобай Эмануэля Макрона. Прэзыдэнт Францыі спрабуе ўзяць на сябе ролю галоўнай фігуры эўрапейскай палітыкі. Ён імкнецца гаварыць ад імя Эўропы.
Маштаб палітыкаў вызначаецца ў час вострага міжнароднага крызысу. Той зь іх, хто зможа ўнесьці вырашальны ўнёсак у яго вырашэньне, набывае статус гістарычнай фігуры. Менавіта на гэтую ролю цяпер прэтэндуе Макрон. Ён – фактычна адзіны, хто працягвае весьці перамовы і з Масквою, і зь Кіевам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброіЛёгіка звароту прэзыдэнта Францыі да Лукашэнкі грунтуецца на тым, што падчас крызысу трэба размаўляць з усімі, інгнаруючы нейкія фармальныя рэчы. Маўляў, калі можна весьці перамовы з Пуціным, то чаму нельга з Лукашэнкам.
Менавіта на такой лёгіцы грунтавалася тэлефанаваньне Ангелы Меркель Аляксандру Лукашэнку ў 2021 годзе, у момант кульмінацыі міграцыйнага крызысу.
Тым больш, што цяпер абмяркоўваецца магчымасьць перамоваў паміж Масквою і Кіевам. А Макрон прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў такіх перамовах. Як вядома, Расея настойвае на тым, каб гэтыя перамовы адбыліся ў Беларусі. Спачатку гаворка ішла пра Менск. Цяпер расейскія крыніцы паведамляюць, што нібыта афіцыйная дэлегацыя РФ прыбыла ў Гомель. Зразумела, згода на гэта патрэбна ад кіраўніцтва Беларусі.
Тэлефанаваньне Макрона (як і ў свой час тэлефанаваньне Меркель), а таксама магчымыя перамовы ў Беларусі падвышаюць статус Лукашэнкі ў ягоных уласных вачах. Для яго гэта псыхалягічна вельмі важна. Маўляў, са мной размаўляюць,-- значыць, прызнаюць дэ факта кіраўніком Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На выбарчых участках у Беларусі людзі пратэстуюць супраць вайны. Звыш 50 затрыманых. Ціханоўская заклікала пікетаваць ГенштабІ тут зьяўляецца спакуса вывесьці ўнівэрсальную формулу, з дапамогай якой можна прарваць міжнародную ізаляцыю. Для гэтага трэба штучна стварыць крызыс, які вельмі непрыемны для Захаду. Тады заходнія палітыкі будзе вымушаны калі не фармальна, то фактычна прызнаць Лукашэнку і зь ім размаўляць.
Таму такія кантакты заходніх палітыкаў без канкрэтных прапановаў ці выстаўленьне ўмоваў зьяўляюцца рызыкоўнай гульнёй, сам Лукашэнка разглядае іх як палітычны падарунак.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.