Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарчых участках у Беларусі людзі пратэстуюць супраць вайны. Звыш 50 затрыманых. Ціханоўская заклікала пікетаваць Генштаб

абноўлена

Бюлетэнь на рэфэрэндуме
Бюлетэнь на рэфэрэндуме

27 лютага ў Беларусі адбываецца рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю.

Адбыліся першыя затрыманьні на ўчастках. Як піша «Вясна», на выбарчым участку ў Стайках затрымалі Канстанціна Шабуніна. Людзі зьбіраюцца на ўчастках у доўгія чэргі і пратэстуюць супраць вайны супраць Украіны, у якую ўступіў Лукашэнка. Таксама яны выступаюць за поўны сыход Лукашэнкі з палітыкі.

Пакуль праваабаронцам вядомыя 20 імёнаў затрыманых.

Тым часам апазыцыйны палітык Сьвятлана Ціханоўская, якая раней заявіла пра стварэньне пераходнага кабінэту, заклікала да мітынгу каля Генэральнага штабу па вуліцы Камуністычнай, 1 у Менску. На ім будзе высунута патрабаваньне беларускім афіцэрам спыніць рух войскаў ва Ўкраіну на падтрымку Пуціна і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Міліцыянты правялі затрыманьні ў Горадні, дзе людзі адмаўляліся адысьці ад выбарчага ўчастка.

Доўгія чэргі і антываенныя лёзунгі ўжо ў некалькіх гарадах Беларусі. Галоўным чынам, традыцыйна, у сталіцы.

Ёсьць інфармацыя пра затрыманьні ў Жодзіне, піша Zerkalo.io. Таксама сілавікі затрымалі ў Менску на вуліцы Чурлёніса хлопца за сьцяг Украіны і жанчыну сталага веку каля Беларускага дзяржунівэрсытэту харчаваньня і хімічных тэхналёгій у Магілёве зь невядомых прычынаў. Затрымалі і вядомую перакладчыцу Вольгу Калацкую, якую раней судзілі за ўдар прапагандыста Азаронка.

Плот пасольства Ўкраіны ў Менску ўвесь завешаны кветкамі. Суткі таму кветкі былі тут толькі на браме.

Больш інфармацыі у нашым онлайне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG