Ціханоўская: «Беларусы могуць нават не здагадвацца, што адбываецца»

Украінскія ўцекачы на полськай мяжы

27 лютага ў Беларусі адбываецца рэфэрэндум аб прыняцьці новай Канстытуцыі краіны. Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што ягонае значэньне цяпер адышло на другі плян.

Офіс Сьвятланы Ціханосўкай заклікаў беларусаў прыходзіць на ўчасткі для галасаваньня а 14-й гадзіне і выказваць такім чынам свой пратэст супраць удзелу Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СБУ абнародавала сакрэтныя дакумэнты расейскіх салдатаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну праз Беларусь, названы ўвесь маршрут

Выступаючы на брыфінгу з нагоды дня галасаваньня, Ціханоўская адзначыла, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне беларускі рэфэрэндум адышоў на іншы плян. А пратэсты падчас самога рэфэрэндуму могуць стаць масавымі пратэстамі супраць вайны.

«Калі выйдуць першыя сотні сьмелых, то далучацца ўсе астатнія, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Я проста вельмі перажываю за тое, што ў Беларусі людзі недаінфармаваныя і не разумеюць, у які час мы цяпер жывём і што адбываецца. Шмат для каго ўсё спакойна. Магчыма, Баранавічы і Бабруйск бачаць, што адбываецца, яны лепш інфармаваныя. Але ў газэтах — Раўбічы, адкрыцьцё лякарняў. Тыя людзі, якія ня маюць доступу да інфармацыі, могуць нават не здагадвацца, што цяпер адбываецца»

Сьвятлана Ціханоўская таксама адзначыла, што падтрымлівае магчымыя новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія краіны Захаду могуць прыняць у сувязі з удзелам Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «З вашай тэрыторыі забіваюць нашых дзяцей». ВІДЭА

«Такая ідэя прапрацоўвалася даўно, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Мы прасілі самых жорсткіх мераў у адказ на генацыд беларускага народу, калі людзі цярпелі гвалт з боку ўладаў. Тады нашыя саюзьнікі палічылі гэта немагчымым. Але сёньня, калі рэжым вымусілі стаць агрэсарам, такая магчымасьць ёсьць. Мы лічым, што жорсткая сумесная санкцыйная палітыка супраць рэжыму — гэта самы дзейсны рычаг ціску з боку дэмакратычных краін».

Ціханоўская таксама паведаміла, што яе Офіс кантактуе з прадстаўнікамі Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага, аднак непасрэдна зь Зяленскім яна пакуль не размаўляла. Ціханоўская падкрэсьліла, што ўсе беларусы, якія вымушана выехалі ва Ўкраіну пасьля жніўня 2020 году, падтрымліваюць украінцаў і жадаюць спыненьня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яе звалі Паліна». Пракуратура Ўкраіны заявіла пра расстрэл расейскімі дывэрсантамі сям'і ў Кіеве, у тым ліку дзяўчынкі