Служба бясьпекі Ўкраіны пасьля зьнішчэньня расейскай дывэрсійнай групы ў Гастомелі, што за 30 км ад Кіева, атрымала пайменныя зьвесткі расейскіх вайскоўцаў, а таксама сакрэтныя паролі і шыфры, якімі яны карысталіся.
Сярод дакумэнтаў таксама баявы разьлік з пазыўнымі байцоў і камандзіраў, схемы дзеяньняў захопнікаў (у тым ліку шляхі наступу, адступленьня, запраўкі і гэтак далей), а таксама ўмоўныя знакі і шыфры камандаў кіраваньня.
«Атрыманыя дакумэнты стануць доказамі для суду, яны дазволяць трымаць на кантролі кожнае прозьвішча варожых акупантаў, і ўсе тыя, хто выжыве, абавязкова будуць пакараныя», – падкрэсьлілі ў СБУ.
З дакумэнтаў стала вядома, як расейцы кадыфікуюць беларускія паселішчы на сваім шляху ва Ўкраіну
З апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны дакумэнтаў стаў дакладна вядомы шлях асобных расейкіх войскаў празь Беларусь ва Ўкраіну.
У прыватнасьці, мова ідзе пра спэцыяльныя падразьдзяленьні спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня з Кузбасу, а таксама атрадаў АМАПу з Новакузьнеку і Кемерава.
Паводле дакумэнтаў, яны пачалі рух са Смаленску, потым праз вёску Гусіна ў Смаленскай вобласьці накіраваліся на мяжу ў вёсцы Чырвоная горка, адкуль накіраваліся ў беларускую Воршу (яна закадыфікаваная як КРОПКА-3).
У вёсцы Панізоўе Аршанскага раёну (АДПАЧЫНАК-1) яны спыніліся на адпачынак, пасьля якога высунуліся па ЛІНІІ-10 на Магілёў (КРОПКА-4), а адтуль на «АДПАЧНАК-2 у вёску Звонец у Гомельскай вобласьці (у дакумэнтах гэтая вёска пазначаная як Званецк).
Пасьля адпачынку па «ЛІНІІ-20» расейцы накіраваліся ў Доўск Гомельскай вобласьці («КРОПКА-5»), адтуль у Забалоцьце Рагачоўскага раёну («КРОПКА-6»). На трэці адпачынак яны спыніліся ў Заліп’і Гомельскага раёну.
Наступны марш-кідок прадоўжыўся па «ЛІНІІ-20» на Гомель («КРОПКА-7»), адтуль у Броннае Рэчыцкага раёну («КРОПКА-8») і нарэшце ў адселеныя Астрагляды Брагінскага раёну («ЛІНІЯ-30 КААРДЫНАТЫ).
Такім чынам, расейскія войскі спэцыяльнага прызначэньня ўвайшлі ва Ўкраіну праз Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік.