«Мэта Пуціна — акупацыя ўсёй нашай дзяржавы», — украінскі паэт, перакладнік беларускай літаратуры з Кіева

Нацыянальная гвардыя Ўкраіны на пазыцыях у Кіеве, 25 лютага 2022 году

Размова зь Вячаславам Лявіцкім, украінскім паэтам, перакладнікам і літаратуразнаўцам з Кіева.

— Вячаслаў, ці вы жывы, здаровы? Вы і ваша сям’я не пацярпелі ў першы дзень вайны?

— Дзякую. Пакуль што ўсё больш-менш спакойна, наколькі можа быць спакойна ў сталіцы эўрапейскай дзяржавы, якую другі дзень запар бамбяць.

— Што цяпер адбываецца ў месцы, дзе вы жывяце? Вас там бамбяць ці мо наступіла нейкае зацішша?

— Цяпер зацішша, але гадзіну таму сапраўды даводзілася чуць выбухі. Нядаўна, ужо другі раз за сёньня ў Кіеве, дзе я знаходжуся, абвясьцілі паветраную трывогу. На жаль, мы прывыкаем да гэтых рэаліяў. На жаль, мы бачым у стужцы навін і чуем на ўласныя вушы гэтыя выбухі і ўдары авіяцыі. Перш за ўсё маюцца на ўвазе расейскія ракеты, якія трапляюць і ў жылыя будынкі. Сёньня, на жаль, такое адбылося ў адным з раёнаў Кіева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

Безумоўна, гэта нас трывожыць, але гэта таксама нас мабілізуе ўва ўсіх сэнсах гэтага слова. Нашы людзі, кіяўляне і ўсе, з кім даводзіцца кантактаваць у гэтыя дні, — на жаль, такія кантакты бываюць цяпер найчасьцей у бамбасховішчы — дэманструюць высокі маральны дух. У нас абсалютна ва ўсіх аднолькавыя прыярытэты абароны, адстойваньня і зьберажэньня свайго роднага гораду і сваёй краіны. У нас няма ніякіх разьбежнасьцяў у поглядах на прычыны падступнай вайны, якую распачала Расейская Фэдэрацыя. Натуральна, мы намагаемся быць карыснымі для сваёй дзяржавы і свайго гораду такім чынам, якім цяпер можам найлепш ім паслужыць.

Вячаслаў Лявіцкі

— Скажыце, дзе вы спалі ў першую ноч вайны — дома ці ў нейкім бамбасховішчы?

— Дома, але не магу сказаць, што гэта быў спакойны сон. Дазволю сабе вярнуцца да папярэдняй ночы, калі пачалася вайна. Агулам кажучы, 23 лютага быў у мяне даволі абнадзейлівым днём. Гэта можа быць цікава беларускай аўдыторыі: у гэты дзень я здабыў рукапіс успамінаў пра Ўладзімера Караткевіча ад ягонага вучня са школы на Кіеўшчыне. Цяпер гэты вучань — вядомы ўкраінскі этнограф. І вось я вечарам вяртаюся на кіеўскім мэтро, трымаючы ў руках тыя сінія аркушы, якіх ніхто раней не чытаў і якія кідаюць некалькі промняў сьвятла на біяграфію беларускага клясыка. І засынаю спакойна з плянамі засяродзіцца на літаратурных і літаратуразнаўчых працэсах, а прачынаюся ў абставінах расейскай агрэсіі. Пра вайну я дазнаўся з мэсыджаў ад маіх беларускіх сяброў, якія выказвалі мне падтрымку і салідарнасьць, а некаторыя перапрашалі мяне і сьцьвярджалі, што ім сорамна жыць у краіне, якая таксама мае дачыненьне да распачацьця гэтай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеўскай вобласьці ў выніку авіяўдараў загінулі чацьвёра і параненыя 15 мірных грамадзян

Забягаючы наперад, хачу сказаць сваім беларускім сябрам: я выразна ўсьведамляю, што ад паўночных межаў Украіны да майго роднага Кіева едуць на танках ня тыя прыўкрасныя празаікі і паэты, якіх я перакладаў, перакладаю і буду перакладаць, а наш супольны вораг. Я думаю, што гэта даволі важная пазыцыя. І спадзяюся, што большасьць маіх суайчыньнікаў таксама ўсьведамляе сытуацыю, у якой цяпер апынулася Беларусь.

— Вы сказалі, што сёньня ў Кіеве была паветраная трывога…

— І ўчора таксама. Гэта ўжо другі дзень, як у нас выла сырэна…

— Калі вые сырэна, вы куды сыходзіце? Маеце бамбасховішча блізка свайго дому ці ідзяце ў мэтро?

— Паколькі наша краіна ўжо прызвычаілася да вайны, у нас распрацаваная мапа бамбасховішчаў, яна ў адкрытым доступе. У мяне ёсьць магчымасьць хавацца ў бамбасховішчы блізка месца майго жыхарства.

Разбураны дом у Кіеве, 25 лютага 2022 году

— Як цяпер выглядае жыцьцё гораду, калі паглядзець з вуліцы? Ці працуюць транспарт, крамы, школы, дзіцячыя садкі?

— У прынцыпе я сказаў бы, што ствараецца ўражаньне вымерлага гораду. Тут у мяне ўзьнікаюць асацыяцыі з 20-мі днямі лютага 2014 году, калі Кіеў быў такім напалову апакаліптычным месцам, калі таксама чуваць было выбухі і ў паветры доўга трымаўся пах паленых шынаў. Гэта было вельмі падобна на тое, што бачым сёньня. Усё сёньня ў стане сьціснутай спружыны. Але мы не панікуем, мы зьберагаем свой патрыятызм, дух і веру ў свае Ўзброеныя сілы і сваю дзяржаўную ўладу.

— А ці ёсьць харчовыя прадукты ў крамах, ці яны пазьнікалі?

— Прадукты ёсьць. Сытуацыя стабільная.

— Ці была ў вас думка зьехаць з гораду, калі пачалася вайна?

— Скажу так. У мяне была ня думка, у мяне быў плян, пакуль не пачалася вайна, рэалізаваць сваю стыпэндыю Gaude Polonia ў Польшчы. Я выйграў гэтую стыпэндыю сваім творчым праектам, якім я вельмі даражыў і хацеў яго ажыцьцявіць. Цяпер, зразумела, сытуацыя кардынальна памянялася. У нас у краіне абвешчана агульная мабілізацыя, і творчыя справы адыходзяць на другі плян. Мы павінны насамрэч стаць карыснымі для Бацькаўшчыны і абараняць, наколькі нам хопіць сілы, свой горад. Я маю на ўвазе рэальную тэрытарыяльную абарону або пэўныя дзеяньні ў кантэксьце інфармацыйнай вайны. Прыярытэтам для нас цяпер ёсьць абарона цэласьці і сувэрэннасьці нашай дзяржавы. Мы з 2014 году ясна ўсьведамляем, што любая вайна мае два сцэнары: або перамога, або капітуляцыя. Другі варыянт абсалютна непрымальны для большасьці ўкраінцаў, у тым ліку кіяўлян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі пісьменьнік і перакладчык Вячаслаў Лявіцкі: «Я закахаўся ў беларускую літаратуру»

— Што кажуць людзі ў Кіеве пра мэту Масквы? Якая мэта ў Пуціна — заняць Кіеў і акупаваць усю Ўкраіну? Стварыць ва Ўкраіне марыянэткавы ўрад, які будзе слухацца Крамля? Ці нешта іншае?

— Я перакананы, што ў нас няма двух розных пунктаў погляду. Мэта Пуціна — гэта ня Кіеў і ня ўсход, а акупацыя ўсёй нашай дзяржавы. Зразумела, што калі ўжо сёньня паветраная трывога абвяшчаецца ў Львове, то справа датычыць ня нейкага аддзяленьня адных нашых рэгіёнаў ад іншых. Усе яны аднолькава пакутуюць ад нашага ворага. Мы давяраем зьвесткам нашай выведкі і Ўзброеных сілаў пра тое, што адзін з мэханізмаў дасягненьня мэты Масквы — акупацыі Ўкраіны — гэта ўсталяваньне свайго марыянэткавага ўраду. Ужо і канкрэтныя прозьвішчы ў гэтым кантэксьце гучалі. Але ва ўкраінскім грамадзтве прыхільнікі прарасейскіх сілаў ня маюць большасьці. Маргіналы ёсьць у кожным соцыюме, але ўся Ўкраіна цяпер беспрэцэдэнтна скансалідаваная і давярае дзяржаўнай уладзе — незалежна ад ранейшых палітычных дыскусіяў.

* * *

Вячаслаў Лявіцкі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Кіеве. Скончыў Інстытут філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі (2009) і асьпірантуру пры ім (2012). Кандыдат філялягічных навук. Паэт, перакладнік, літаратуразнаўца. Актыўны папулярызатар сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку суперакладнік на ўкраінскую мову паэтычнага зборніка Андрэя Хадановіча «Беларускі мужчына» і анталёгіі сучаснага беларускага апавяданьня «Як рыба аб лёд». Перакладаў творы Уладзімера Караткевіча, Міхася Стральцова, а таксама Альгерда Бахарэвіча, Крысьціны Бандурынай, Веры Бурлак, Зьмітра Вішнёва, Лявона Вольскага, Вольгі Гронскай, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Віктара Жыбуля, Артура Камароўскага, Насты Кудасавай, Віктара Лупасіна, Уладзя Лянкевіча, Сержа Мінскевіча, Антона Рудака, Міхася Скоблы, Юлі Цімафеевай і іншых.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.