Дасьледчая група CIT: падрыхтоўка расейскіх войскаў да магчымага ўварваньня ва Ўкраіну «практычна завершана»

Расейскія вайсковыя вучэньні ў Беларусі

Падрыхтоўка расейскіх войскаў да магчымай апэрацыі супраць Украіны практычна завершана або будзе завершана на працягу найбліжэйшых дзён. Гэта сьцьвярджае група дасьледчыкаў Conflict Intelligence Team на аснове сваіх назіраньняў за расейскімі войскамі каля ўкраінскіх межаў.

Як сьцьвярджае CIT у дакладзе, апублікаваным 14 лютага, гаворка ідзе ня толькі пра сухапутныя войскі Расеі, але і пра авіяцыю, флёт, а таксама войскі Нацыянальнай гвардыі.

У публікацыі расказана аб перамяшчэньні значнай колькасьці расейскіх войскаў, уключаючы дэсантныя, у Беларусь, дзе цяпер праходзяць маштабныя вучэньні. Адзначаецца таксама канцэнтрацыя войскаў на паўднёвым захадзе Бранскай вобласьці і ў Курскай вобласьці. У Белгарадзкую вобласьць, як сьцьвярджаецца, перакідаюць тэхніку 1-й гвардзейскай танкавай арміі, а таксама цяжкія САУ «Півоня», якія здольныя абстрэльваць Харкаў безь перасячэньня мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэс-сакратар Крамля: Адмова Ўкраіны ад NATO дапаможа «значнаму адказу на расейскія заклапочанасьці»

Назіраецца таксама перакіданьне сіл у анэксаваны Крым, а для магчымай арганізацыі дэсанту расейскі флёт разьмяшчае ў Чорным моры групоўку з 11 вялікіх дэсантных караблёў, 6 зь якіх прыбылі з баз Балтыйскага і Паўночнага флётаў. У Беларусь і да расейскай мяжы з Украінай перакінута таксама авіяцыя і да 60 пускавых установак «Іскандэр».

«Усё апісанае вышэй уяўляе сабой беспрэцэдэнтную канцэнтрацыю ўсіх родаў войскаў, а таксама іншых мілітарызаваных сілавых ведамстваў», — піша СIT. У паведамленьні зазначаецца, што калі размова ідзе пра блеф — гэта значыць, калі Расея не плянуе ўварваньня, — то гэты блеф «нічым не адрозьніваецца ад падрыхтоўкі да рэальнага маштабнага наступу».

У дакладзе няма ацэнкі агульнай колькасьці расейскіх войскаў каля межаў з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Запытаная Ўкраінай сустрэча з удзелам Расеі ў рамках АБСЭ адбудзецца 15 лютага

Існуюць і іншыя ацэнкі гатоўнасьці да магчымага ўварваньня — у прыватнасьці, экспэрты ўкраінскага Цэнтру абаронных стратэгій лічаць яго цяпер малаверагодным.

Раней афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і шэрагу іншых краін заяўлялі, што ўжо на гэтым тыдні ўварваньне Расеі ва Ўкраіну вельмі верагоднае. Адначасова афіцыйныя асобы падкрэсьліваюць, што па-ранейшаму няма ўпэўненасьці, што Расея сапраўды наважыцца на ўварваньне. Лідэры краін Захаду кажуць, што шлях дыпляматыі яшчэ магчымы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амбасадар Украіны ў Брытаніі: Украіна магла б адмовіцца ад сяброўства ў NATO

Расея адмаўляе пляны ўварваньня. Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу 14 лютага на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным сказаў, што зараз праходзяць маштабныя вучэньні, але большая іх частка хутка завершыцца.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.