Чаму рэфэрэндум па папраўках у Канстытуцыю быў усё ж прызначаны, нягледзячы на падзеі ў Казахстане? Што можа зрабіць грамадзтва на рэфэрэндуме? Ці зьвязаны канстытуцыйны рэфэрэндум і беларуска-расейскія вучэньні?
Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Былі сумневы, ці адбудзецца ў бліжэйшы час рэфэрэндум. Казахстанскія падзеі не былі вырашальнай прычынай. Канстытуцыйная рэформа была складнікам транзыту ўлады праз датэрміновыя выбары. Але напярэдадні Новага году Лукашэнка заявіў, што ад транзыту ўлады адмаўляецца прынамсі да 2025 году.
- Тады ідэя рэфэрэндуму падвісла. Атрымліваецца, што новая Канстытуцыя з абмежаванымі паўнамоцтвамі прэзыдэнта — яна не для новага прэзыдэнта, а для Лукашэнкі. І таму прыдумалі схему, што дзейны прэзыдэнт можа быць адначасова і старшынём УНС.
Валер Карбалевіч
- Фактычна Канстытуцыя забараняе іншадумства. Калі чалавек не падзяляе ідэалёгію дзяржавы, то ён парушае Канстытуцыю і яго за гэта трэба караць. Гэта ў краіне і адбываецца. Гэтак жа і ў СССР было. У брэжнеўскай Канстытуцыі было запісана, што грамадзянскія і палітычныя правы гарантуюцца «ў мэтах умацаваньня і разьвіцьця сацыялістычнага ладу». Гэта элемэнт таталітарнай краіны.
- Улады нават не абцяжарылі сябе імітацыяй усенароднага абмеркаваньня праекту Канстытуцыі. Народу нібыта кажуць — гэта ня вашая справа, начальству відней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум аб Канстытуцыі на 27 лютага- Лукашэнка заявіў, што яму гэтая новая Канстытуцыя і непатрэбная. Але я выключаю варыянт, што паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму большасьць прагаласуе супраць праекту. Гэта будзе моцны ўдар па яго легітымнасьці. Стандартна абвесьцяць, што прыйшло на выбары 80%, а зь іх 80% падтрымалі прапанаваны праект.
- Я мяркую, што беларуска-расейскія вучэньні і канстытуцыйны рэфэрэндум ня надта зьвязаныя паміж сабой. Гэтыя вучэньні трэба разглядаць у кантэксьце абвастрэньня адносінаў Расеі (і Беларусі) з Захадам і Ўкраінай, яны — элемэнт тролінгу, запалохваньня Захаду і Ўкраіны. Згода на вучэньні — гэта плата Лукашэнкі за тое, што Пуцін не настойвае на транзыце ўлады ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Саюз з Расеяй, зьмена Канстытуцыі і непрызнаньне. Як раней праходзілі рэфэрэндумы ў БеларусіЦыганкоў
- Папраўкі, якія ўнесьлі па выніках абмеркаваньня, былі пераважна абсалютна неістотныя, касмэтычныя.
- У савецкія часы ў абмеркаваньні праекту Канстытуцыі хаця б фармальна ўдзельнічалі рабочыя і даяркі, просты народ. Цяпер і гэтага не было. Усе тэлерэпартажы цяпер былі аднолькавыя — чыноўнік ці нават сілавік прыходзіць у працоўны калектыў, нешта расказвае пра Канстытуцыю, а народ маўчыць.
Віталь Цыганкоў
- Вынесьлі праект на абмеркаваньне 27 сьнежня, а 20 студзеня яно і скончылася. Гэта рэкордна кароткае абмеркаваньне ў беларускай палітычнай практыцы.
- Адну зьмену, праўда, унесьлі зьмястоўную: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на падставе ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Раней у Канстытуцыі было пазначана, што ніякая ідэалёгія ня можа быць у краіне паноўнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Апазыцыйныя сілы заклікалі беларусаў рабіць несапраўднымі бюлетэні на рэфэрэндуме. ВІДЭА- Яшчэ адзін пункт — «захаваньне памяці аб гераічным мінулым беларускага народу, патрыятызм зьяўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна». А ВКЛ — гэта гераічнае мінулае ці не? Калі нейкі Гігін асуджае, скажам, Радзівілаў, дык не захоўвае «памяць аб гераічным мінулым», парушае Канстытуцыю?
- Калі Лукашэнка кажа, што «гэты працэс (зьмена Канстытуцыі) мне абсалютна непатрэбны» — гэта той рэдкі выпадак, калі ён кажа праўду. Тут сапраўды ёсьць момант дэматывацыі выбаршчыкаў. Бо сытуацыя як з варонай з анэкдоту. Варона, ты на рэфэрэндум хадзіла? — Так. І сыр выпаў, ліса яго зьела. — А сказала б не, дык што б зьмянілася?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навошта ўлады рыхтуюць рэфэрэндум, які не патрэбен ані Лукашэнку, ані грамадзтву- У Крамлі, можа, шмат чаго хочуць — і СССР аднавіць, і Амэрыку ў радыяактыўны попел ператварыць. Тое ж і з жаданьнямі «зьняць з пасады» Лукашэнку. Я ўжо шмат гадоў упэўнены, што Лукашэнка Расею цалкам задавальняе. А ўжо пасьля жніўня 2020 году — задавальняе як ніколі.
- Няма Расеі сэнсу мяняць яго на нейкую няпэўнасьць. А раптам без Лукашэнкі наступіць хаос? А раптам пераемнік паверне на Захад? Напэўна, Пуціну не хацелася б, каб Лукашэнка яго пераседзеў. Але Лукашэнка здолеў так сябе паставіць, што зараз ён ізноў патрэбны Маскве.