Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлады рыхтуюць рэфэрэндум, які не патрэбен ані Лукашэнку, ані грамадзтву


Надпіс на сьцяне ў менскім мікрараёне Серабранка. Студзень 2022
Надпіс на сьцяне ў менскім мікрараёне Серабранка. Студзень 2022

18 студзеня на нарадзе ў Лукашэнкі разглядалі вынікі «ўсенароднага абмеркаваньня» новай Канстытуцыі.

Тут варта зьвярнуць увагу на даты. Праект Канстытуцыі быў апублікаваны 27 сьнежня. Такім чынам, на абмеркаваньне дакумэнту, які дзяржаўныя мэдыя абвясьцілі «гістарычным», народу далі толькі тры тыдні. Хоць бы месяц адвялі для прыстойнасьці.

І, што асабліва варта падкрэсьліць, – якія гэта былі тыдні! Новы год, Каляды, стары Новы год. Людзі сьвяткавалі ці рыхтаваліся да сьвятаў. Толькі дзівакі маглі ў гэты час замест сьвяточнага стала вывучаць праект Канстытуцыі.

Пра зьмест «усенароднага абмеркаваньня» і гаварыць ня варта. Вось 4 студзеня ў вёсцы Церуха Гомельскага раёну міліцыя затрымала 68-гадовага Мікалая Віцікава, які вырашыў паўдзельнічаць у гэтым самым «абмеркаваньні» і «нелицеприятно» выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход. Пэнсіянэру пагражае да пяці гадоў турмы.

То бок улады ня здолелі нават зрабіць імітацыю «ўсенароднага абмеркаваньня». Гэта азначае, што іх мала цікавіць легітымнасьць працэсу канстытуцыйнай рэформы. Або проста па-іншаму яны ўжо працаваць ня ўмеюць.

Лукашэнка сваё стаўленьне да канстытуцыйнай рэформы выказаў на нарадзе ў такой фразе: «Калі ўжо шчыра, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны». І ў гэта можна паверыць. Калі ён адмовіўся ад транзыту ўлады і не зьбіраецца сыходзіць, то сэнсу ў прыняцьці новай Канстытуцыі няма ніякага. Больш за тое, яна стварае для яго шэраг праблем.

Самае парадаксальнае палягае ў тым, што гэтая Канстытуцыя сёньня не патрэбная нікому: ні намэнклятуры, ні грамадзтву, ні апазыцыі. Ня дзіва, што чыноўнікі, якія прыходзілі на сходы ў працоўныя калектывы, не маглі ўцямна патлумачыць, навошта прымаецца новы Асноўны Закон. Такая рэдкая зьява, калі ў палітычнае жыцьцё запускаецца абсалютна бессэнсоўны праект. Быццам запускаюць на арбіту штучны спадарожнік Зямлі, і ён пачынае жыць сваім уласным жыцьцём.

Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка па выніках нарады, адкарэктавана больш за 30 артыкулаў праекту Канстытуцыі. Ня выключана, што там будуць важныя зьмены. Магчыма, пад уплывам падзеяў у Казахстане.

З нарады можна зрабіць высновы, што «ў бліжэйшы час» (мусіць, у студзені) Лукашэнка выступіць з пасланьнем у Нацыянальным сходзе, а ў лютым усё ж адбудзецца рэфэрэндум.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG