Амбасада Расеі ў ЗША запатрабавала ад Вашынгтона не даваць зброі Ўкраіне

Брама амбасады Расеі ў Вашынгтоне

Расейскія дыпляматы лічаць, што Злучаныя Штаты штурхаюць Кіеў да «новых правакацый».

Амбасада Расеі ў Вашынгтоне патрабуе ад уладаў ЗША не пастаўляць зброі Ўкраіне. Расейскія дыпляматы кажуць, што Расея не зьбіраецца ні на кога нападаць, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

У амбасадзе Расеі абвінавацілі Вашынгтон у эскаляцыі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Нягледзячы на шматлікія доказы актыўнага ўдзелу расейскіх рэгулярных войскаў на акупаванай тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны, амбасада падтрымлівае наратыў Пуціна пра «ўнутрыўкраінскі канфлікт».

«Калі ЗША на самой справе адданыя дыпляматычным намаганьням ва ўрэгуляваньні ўнутрыўкраінскага канфлікту, ім варта адмовіцца ад плянаў па пастаўках новых партый узбраеньняў для ВСУ. Замест гэтага Вашынгтону трэба было б скарыстацца сваім уплывам на ўлады Украіны, каб пераканаць іх спыніць сабатаж менскіх дамоўленасьцяў».

Гаворачы пра «сувэрэннае права» на перамяшчэньне войскаў па «ўласнай зямлі», расейцы не згадалі вучэньняў, якія ў лютым пройдуць на тэрыторыі суседняй Беларусі паблізу з украінскай мяжой. Гэтыя вучэньні ўжо назвалі небясьпечнымі на Захадзе.

Зброю ва Ўкраіну па лініі NATO адмаўляецца пастаўляць Нямеччына.

З 2014 году на тэрыторыі Ўкраіны ідуць баявыя дзеяньні, на ўсходзе краіны ўтварыліся самаабвешчаныя «рэспублікі» «ДНР» і «ЛНР», якія жывуць дзякуючы падтрымцы Масквы. Нягледзячы на неаднаразова абвешчаныя рэжымы «цішыні», абстрэлы з акупаваных тэрыторый працягваюцца, у іх часта гінуць украінскія вайскоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МЗС Нямеччыны расказала, чым гатова дапамагчы Ўкраіне ў супрацьстаяньні з Расеяй

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Украіна рыхтуецца да вайны. Меркаваньне ўкраінскага палітоляга